1 лістапада ў доме Тамары і Івана Якубенак панавала асаблівая атмасфера свята.

Гэты дзень быў адзначаны знамянальным юбілеем – пятнаццацігоддзем з моманту, як Тамара Паўлаўна і Іван Мікалаевіч прынялі для сябе адказнае рашэнне – стаць бацькамі-выхавацелямі.
Увесь гэты час муж з жонкаю працягвалі руку дапамогі дзецям, якім так неабходна была ласка, падтрымка і любоў. Таму не дзіўна, што ў такі знамянальны дзень многія з іх не засталіся ў баку і наведалі блізкіх людзей. Тамара Паўлаўна дзеліцца, што не ўсе змаглі прысутнічаць асабіста: хтосьці знаходзіцца ў камандзіроўцы, нехта прыхварэў, а некаторыя рыхтуюцца стаць маці. Але нягледзячы на адлегласць і абставіны, усе даслалі цёплыя віншаванні, выказваючы сваю ўдзячнасць і любоў да сваіх выхавацеляў.
Пятнаццаць гадоў – гэта значны этап, які сведчыць не толькі пра працягласць, але і пра якасць працы Тамары і Івана Якубенак на дадзенай ніве.
А пачыналася іх гісторыя ў далёкім 1987 годзе.
– Сама я родам з Расіі, са Смаленскай вобласці. Калі была падлеткам, маці пераехала ў Беларусь, – дзеліцца жанчына. – Пасля атрымання агульнай сярэдняй адукацыі паступіла ў Магілёўскае педвучылішча, а побач знаходзіўся педагагічны ўніверсітэт, дзе вучыўся Іван. Неяк аказаліся ў адной кампаніі. Пазнаёміліся, пачалі сустракацца. Вяселле згулялі да заканчэння вучобы.
Іван быў родам з Фаставіч. Яго маладая жонка першай атрымала дыплом педагога і паехала працаваць выхавацелям дзіцячага садку на Петрыкаўшчыну, у вёску Камаровічы. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі дадому прыехаў і Іван, які пайшоў працаваць у Камаровіцкую сярэднюю школу.
– Спачатку жылі ў Фаставічах, затым уладкаваліся ў Камаровічах. Нарадзілі і выхавалі сына і дзвюх дочак. – працягвае суразмоўца. – Менавіта тады і прыйшла нам думка стаць апекунамі.

За 15 гадоў існавання дом сямейнага тыпу Тамары і Івана Якубенак
стаў прытулкам для 50-ці хлопчыкаў і дзяўчынак

“Такое рашэнне не было спантанным. Яно выспела паступова, пасля доўгіх разважанняў, абмеркаванняў і, галоўнае, пасля таго, як мы з Іванам адчулі ў сабе ўнутраную неабходнасць дапамагчы, падтрымаць, стаць апорай некаторым маленькім землякам”.

Родныя дзеці паставіліся да рашэння бацькоў з разуменнем.
Усё узважыўшы, паехалі за дзяўчынкай, а прывезлі і хлопчыка – брат з сястрою не хацелі разлучацца.
Зразумела, шлях апекі не бывае простым. Давялося навучыцца новаму, пераадольваць дагэтуль невядомыя цяжкасці. Але кожны дзень прыносіў новыя маленькія перамогі.
– Калі паступіла прапанова стаць бацькамі-выхавацелямі дома сямейнага тыпу ў Петрыкаве, мы ўжо падсвядома былі гатовыя да такой працы. Абодва адчулі: наколькі дзеці ўносяць сэнс у нашае жыццё, – прызнаецца Тамара Паўлаўна.
Жанчына дзеліцца: пятнаццаць гадоў – гэта значны этап у жыцці любой сям’і, асабліва калі гаворка ідзе пра дамы сямейнага тыпу. Іх дом – гэта месца, куды прыходзяць дзеці з розных сямей, са сваімі пачуццямі, успамінамі, поглядамі. Самаму маленькаму дзіцяці, якое да іх трапіла – быў год, старэйшаму – 17. Да кожнага неабходна было падабраць патрэбныя словы, знайсці падыход. Але ўсе выпрабаванні, якімі б яны не здаваліся складанымі, заўсёды маюць рашэнне.
Сёння ў доме сямейнага тыпу Якубенак выхоўваецца дзесяць дзяцей. Хоць усё гэта ўмоўна: тыя, хто выхоўваўся тут раней, спяшаюцца ў гэтыя сцены. Тут гуляюцца вяселлі, адзначаюцца дні нараджэння, святы, сюды едуць сем’ямі з усіх куткоў краіны. Асаблівым гэты дом робяць гаспадар і гаспадыня, іх любоў, клопат, гатоўнасць падтрымаць у цяжкія часы.
Гэта дом, дзе кожны адчувае сябе патрэбным і любімым, дзе жыве шчасце.

Цёплыя моманты зносін дзяцей з бацькамі-выхавацелямі

Святлана СОБАЛЕВА,
фота з сямейнага архіву.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о