Сёлета спаўняецца 108 гадоў знамянальнай даце ў летапісе многіх народаў – паўстанню ў Петраградзе.
Кастрычніцкая рэвалюцыя, без перабольшання, змяніла ўвесь ход сусветнай гісторыі, перакроіла палітычную карту свету, прывяла да ўзнікнення новых дзяржаў і на аснове прынцыпу сацыяльнай справядлівасці спарадзіла такую важную станоўчую з’яву, як сацыяльная дзяржава. Нават капіталісты на Захадзе стварылі ў сябе механізмы сацпартнёрства, каб пазбегнуць узрушэнняў.
Сапраўды, Кастрычніцкая рэвалюцыя адкрыла новую эпоху ў развіцці чалавецтва, ажыццявіла такія асноўныя прынцыпы, як права нацый на самавызначэнне, павага да людзей працы, сацыяльная справядлівасць. Яна стварыла ўмовы для нацыянальнага адраджэння многіх народаў, утварэння Савецкага Саюза, які ў наступным забяспечыў Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.
Гэты дзень стаў сімвалам пера-ўтварэння жыцця, памяці пра энтузіязм першых савецкіх будоўляў, пакланення перад мужнасцю тых, хто абараняў Радзіму, хто верыў у светлую будучыню і ішоў на подзвіг у імя ідэі.
Што да Беларусі, то падзеі таго часу адкрылі нам шлях да нацыянальнага самавызначэння і ўласнай дзяржаўнасці.
З імем Кастрычніцкай рэвалюцыі мы звязваем шматлікія перамогі, здзяйсненні і працоўныя дасягненні нашага народа, якія і дагэтуль працягваюць заставацца прадметам нашага нацыянальнага гонару.
Сёння Рэспубліка Беларусь упэўнена ідзе па шляху развіцця справядлівай сацыяльнай дзяржавы, абранай у 1917-м нашымі продкамі. Прычым ідзем без узброеных канфліктаў і войн, з якімі сутыкнуліся многія іншыя рэспублікі былога СССР. Таму што беларускі народ і яго лідар Аляксандр Лукашэнка адзіныя ў імкненні пабудовы моцнай і працвітаючай Беларусі.
Стваральная праца, імкненне да сацыяльнай справядлівасці, павага да гісторыі і традыцый – галоўныя фактары кансалідацыі беларускага грамадства.
Аляксандр Лукашэнка:
– “Разумныя” людзі ў многіх краінах вырашылі, што гэта дрэнны дзень, дрэннае свята. Я так не лічу. Прынамсі, гэта нашая гісторыя… Будучыню яшчэ можна неяк змяніць, адкарэктаваць, а вось мінулае ўжо не зменіш. Сёння мы бачым, што зрабілі правільна, напоўніўшы новым сэнсам традыцыю святкавання Вялікага Кастрычніка.
Мы памятаем урокі гісторыі і вучымся на вопыце нашых продкаў. Галоўны ж урок Кастрычніка ў тым, што палітыка дзяржавы павінна быць мудрай, узважанай, улічваць інтарэсы ўсіх слаёў насельніцтва. Дзякуючы прынцыповай пазіцыі нашага нацыянальнага лідара мы не адмовіліся ад спадчыны той эпохі і захавалі ўсё лепшае, што было ў Савецкім Саюзе.
Адзначаючы 7 лістапада, мы традыцыйна напаўняем яго стваральным зместам, адкрываючы да гэтай даты новыя сацыяльныя і культурныя аб’екты. Пагадзіцеся, менавіта такой і павінна быць гістарычная памяць пра важныя падзеі айчыннай гісторыі.
Галіна КАЗАК.






Оставить комментарий