Днямі старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Жукавец завіталі ў шматдзетную сям’ю Віктара і Алены Лапета з прыемнай місіяй: уручыць дзецям заплечнікі і салодкі падарунак з нагоды Дня ведаў і пачатку навучальнага года ў рамках акцыі “Збяром заплечнік першакласніку”.
Падворак прыватнага дома сустракаў чысцінёй. Па ўсім было відаць, што тут жыве маладая і актыўная сям’я: кветнік, вымашчаныя сцежкі, арэлі, крыху далей – агарод.
У сям’і Лапета трое дзетак: старэйшая дачка Юлія пойдзе ў 6-ты клас, Ксенія – у 4-ты, а сын Канстанцін неўзабаве стане першакласнікам. Дзеці расказалі гасцям, як бавілі вольны час на адпачынку, чым любяць займацца, як дапамагаюць бацькам. Старшыня райвыканкама пажадаў школьнікам старанна вучыцца, атрымліваць годныя адзнакі і радаваць бацькоў.
– Але галоўнае, чаго хацелася б вам пажадаць, гэта, безумоўна, здароўя. Вашыя бацькі, настаўнікі, усе людзі мараць пра здароўе дзяцей. Звяртаючыся да вас, Юля і Ксюша, хацелася б даць параду: дапамажыце, калі ласка, свайму малодшаму брату ў спасціжэнні навукі, – звярнуўся да дзяўчынак Аляксандр Васільевіч.
Гаспадар сям’і Віктар Васільевіч і гаспадыня Алена Леанідаўна падзяліліся: “Скажам шчыра, што калі стваралі сям’ю, не загадвалі, колькі ў нас будзе дзетак, але перспектыва шматдзетнай сям’і нас ніколькі не пужала, бо самі мы выраслі ў шматдзетных сем’ях у прывытнах домаўладаннях.
Таму і да фізічнай работы на падворку мы звыклыя, і дзяцей выхоўваем у павазе да працы. Ну а галоўнае, на чым павінна трымацца сям’я – любоў і ўзаемаразуменне”, – мяркуюць гаспадары.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий