У пятніцу, 20 мая, у кінатэатры “Беларусь”, у рамках адзінага дня Чырвонага Крыжа, адбылася сустрэча з выхаванцамі старэйшых класаў навучальных устаноў горада.

Чырвоны Крыж расказаў пра сваю дзейнасць

Перад уваходам у кіназалу ўвазе прысутных была прадстаўлена выстава дзіцячых малюнкаў і агітацыйнай паліграфіі. Тым, хто курыць, прапанавалася добраахвотна памяняць цыгарэту на цукерку.
Сустрэчу распачала старшыня райарганізацыі Чырвонага Крыжа Людміла Петухова, якая распавяла пра дзейнасць арганізацыі на Петрыкаўшчыне і засяродзіла ўвагу падлеткаў на сітуацыях, якія не толькі ставяць чалавека ў цяжкае жыццёвае становішча, але і пагражаюць яго правам і нават жыццю.
Адна з сучасных праблем, якая, на жаль, не абмінула і нашых землякоў – рабства і гандаль людзьмі. “Дзяўчыны, скончыўшы школу, часам атрымліваюць прапановы працаўладкавання за мяжой. Не высвятляючы дэталяў і спакушаючыся на высокія заробкі, маладыя прадстаўніцы цудоўнага пола спяшаюцца з’ехаць да працадаўцы, але на справе, замест абяцанай работы, яны трапляюць у сэксуальнае рабства. Што тычыцца маладых людзей, то іх гісторыя падобная – прыязджаючы на заробкі, яны аказваюцца ў працоўным рабстве: ва ўмовах, блізкіх да турэмных, у хлопцаў забіраюць дакументы і тэлефоны і прымушаюць іх працаваць за ежу. На жаль, такая горкая доля не абмінула і нашых землякоў: райарганізацыя Чырвонага Крыжа дапамагала мужчынам з Макарычаў, Чалюшчавічаў і Конкавічаў.
Хочацца, каб вы не паўтарылі лёс гэтых людзей, якім, дзякуй Богу, удалося выратавацца. Таму абавязкова пільна стаўцеся да прапаноў працаўладкавання за мяжой, – адзначыла Людміла Фёдараўна.
Акрамя гэтага старшыня райарганізацыі распавяла пра дапамогу пагарэльцам, людзям, што пацярпелі ў апошнія гады ад паводкі, ці грамадзянам, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю: “Мы традацыйна наведваем шматдзетныя сем’і і дамы сямейнага тыпу, ладзім мерапрыемствы і прыносім падарункі дзецям-інвалідам, навучэнцам школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны”, – адзначыла Людміла Петухова.
Напрыканцы сустрэчы дзецям была прапанавана прэзентацыя, што адлюстроўвала гісторыю дзейнасць райарганізацыі Чырвонага Крыжа за апошнія гады.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о