У нядзелю, 11 лютага, прайшла фінальная частка 25-га адкрытага першынства па міні-футболе, прысвечанага памяці першага міністра спорту і турызму Беларусі Уладзіміра Рыжанкова.
Нагадаем, у спаборніцтвах узялі ўдзел пяць каманд, якія працягам двух папярэдніх гульнявых дзён выяўлялі мацнейшых па кругавой сістэме. Урэшце, па-за бортам фіналу засталіся спартыўныя калектывы “Лясгас” і “Курыцічы”, а дружыны “Легенда”, “Клуб аматараў футболу” (КАФ) і “Шапэн” высвятлялі, як у выніку размяркуюцца прызавыя месцы турніру.
На дыстанцыі першынства многія заўзятары вылучалі ў якасці фаварытаў каманды “Шапэн” і “Легенда”, што і сустрэліся ў першым матчы фіналу, які і быў вызначальным. На пляцоўку вышлі розныя па сваім футболе калектывы. У той час як “Легенда” ўзмоцненая ігракамі з суседніх рэгіёнаў, выглядала імклівай і тэхнічнай дружынай, “Шапэн” жа, з’яўляючыся, бадай, самай узроставай камандай, браў пільнай абаронай і ўзважанай згуртаванай гульнёй.
Дысцыпліна футбалістаў з большым вопытам дала напачатку свой плён: шапэнаўцы нібы не звярталі ўвагу на фінты і паскарэнні сапернікаў, наадварот, лавілі апанентаў на памылках і супрацьпастаўлялі іх гульні ўдалыя пасы, выдатнае выкарыстанне наяўнай прасторы і трапныя ўдары па варотах, аформіўшы, тым самым, тры галы ў першай палове сустрэчы. Але футбалісты “Легенды” здолелі сабрацца і адыгралі спачатку тры мячы, а потым змагаліся з апанентамі на роўных. Ніхто не хацеў саступаць, барацьба працягвалася да апошняй секунды і сустрэча мацнейшых не выявіла, скончыўшыся з лікам 5:5. Інтрыга захоўвалася – цяпер усё залежала ад галявых вынікаў у матчах, бо пры аднолькавай колькасці ачкоў чэмпіён вызначаўся па розніцы забітых і прапушчаных мячоў.
У наступным матчы “Легендзе” супрацьстаяла каманда “КАФ”. Здавалася б, апошняму клубу можна было наўпрост задавіць свежымі сіламі стаміўшыхся апанентаў, але не справе футбалісты “Легенды”, пэўна, зведаўшы спартыўную злосць, пачалі амаль бесперашкодна штурмаваць вароты чарговага праціўніка. Ачунялі КАФаўцы ў сярэдзіне гульні і пачалі скарачаць адрыў. Дружыну нібы падмянілі: з’явілася вастрыня ў атацы, культура паса і ўстойлівасць у абароне. А вось час працаваў супраць і матч скончыўся з лікам 6:4 на карысць “Легенды”.
Такім чынам, “Шапэну” для чэмпіёнства трэба было перамагаць у апошняй гульні з перавагай у тры ці болей мячоў. Напачатку сустрэча ішла вядомым чынам: футбалісты “КАФ” прапусцілі некалькі разоў, але потым, не ведаючы стомы, пачалі адыгрывацца. Але фартуна не ўсміхнулася нападаючаму ў час выканання пенальці, а час, якога зноў не хапіла, не дазволіў “аматарам” пахіснуць прэтэнзіі сапернікаў на трафей – 7:3, святкаванне перамогі і Кубак Рыжанкова дастаўся клубу “Шапэн”, другое месца за “Легендай” і бронза турніру ў актыве “Клуба аматараў футбола”.
Лепшым бамбардзірам спаборніцтваў стаў Павел Кавальчук, што запісаў на свой рахунак 9 галоў. Тытул лепшага нападаючага быў за Юрыем Мяцельскім, званне лепшага іграка турніру прысуджана Дзмітрыю Юрчанку. Як самы ўдалы абаронца Кубка праявіў сябе Ігар Мачальнікаў, а званнем лепшага брамніка быў ганараваны Дзяніс Якіменка.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий