На абласных Дажынках, якія прайшлі ў гарадскім пасёлку Лельчыцы, Ганаровым дыпломам камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур ганаравана СУП “Палессе-Аргаінвест”. Пра стан спраў у гаспадарцы і нюансы арганізацыі вытворчага працэсу мы пагутарылі з кіраўніком Аленай Асадчай.
– Наша прадпрыемства вядзе адлік сваёй гісторыі з 2005 года. Утварылася яно шляхам аб’яднання КСУПаў “Петрыкаў”, “Мышанка”, “Саўгас Прыпяцкі” і “Галубіца”. Зараз у “Палессі-Аграінвест” працуе 444 чалавекі.
Што да плошчаў нашых сельгасугоддзяў, то маем мы каля 13-ці тысяч гектараў. Глеба розная па ўрадлівасці, таму і паказчыкі па аддзяленнях маем розныя. Аднак вопытныя аграномы плануюць пасяўныя плошчы такім чынам, каб ад глебы з сярэднім балам урадлівасці 21,9 атрымліваць максімальны ўраджай. На сённяшні дзень з убраных палеткаў мы атрымалі каля 19 тысяч тон кармавых адзінак. Пры гэтым варта ўлічваць, што працягваецца ўборка кукурузы на зерне і нарыхтоўка сіласу, таму выніковы паказчык будзе вышэй.
Што да жывёлагадоўлі, то па стане на 1 верасня на прадпрыемстве ўтрымліваецца 10649 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 2729 кароў дойнага статку.
За студзень-верасень сярэдні ўдой ад каровы склаў 5229 кілаграмаў, а сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе БРЖ – 854 грамы. Прыемна, што плюсуем мы па ўсіх паказчыках”, – распавяла пра вытворчыя моманты кіраўнік СУП “Палессе-Аграінвест” Алена Асадчая.
Па інфармацыі дырэктара, за 8 месяцаў бягучага года сельгаспрадпрыемства рэалізавана на забой 1444,9 тоны мяса БРЖ, 13590,8 тон малака і 1413,2 тон мяса свіней (з улікам племяннога продажу). Такую высокую прадукцыйнасць, па словах Алены Мікалаеўны, дазволілі забяспечыць зладжаная праца калектыва, а таксама якасныя, паўнавартасныя кармы і створаныя належныя ўмовы ўтрымання жывёлы і, што немалаважна, працы людзей.
– У выніку выпрацаванай стратэгіі расце доля нашага прадпрыемства ў вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна. Так, сёлета яна складае без малога 50%, а ўдзельная вага ў выручцы сельскагаспадарчых арганізацый Петрыкаўшчыны і таго болей
– 59,4%, – не без гонару заўважыла наша суразмоўца.
Што да заработнай планы працаўнікоў вядучай гаспадаркі раёна, то, па словах Алены Мікалаеўны, яна годная.
– Не сакрэт,што патэнцыял кожнага прадпрыемства вызначаюць кадры, іх матэрыяльная зацікаўленасць і матэрыяльна-тэхнічная база. Па маім меркаванні, менавіта яны з’яўляюцца дзейсным стымулам, каб працаваць якасна і адказна. Сярэднямесячная заработная плата за мінулы год склала 2024,5 рублі, за 8 месяцаў мы істотна “плюсанулі” і сёння маем 2543,3 рублі.
Што да сакрэтаў поспеху, то іх няма, аднак ёсць дакладна выбудаваная стратэгія. Мы надаем вялікае значэнне перадавым тэхналогіям і дысцыпліне, штодзённа працуем па навядзенні парадку на зямельных угоддзях, вытворчых аб’ектах.
Упэўнена, што выражу меркаванне ўсяго калектыва. Канешне, нам вельмі прыемна быць у ліку лепшых сельгаспрадпрыемстваў вобласці і атрымліваць высокую адзнаку за вынікі нашай працы.
Гэта наша агульная заслуга, агульная перамога, таму шчыра павіншую наш згуртаваны калектыў і дзякую за плённую працу і вынікі, якіх мы сёлета дасягнулі. Упэўнена, што і надалей мы будзем нарошчваць свае паказчыкі, забяспечваючы харчовую бяспеку краіны, – рэзюмавала Алена Асадчая.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий