Чарговая несанкцыянаваная звалка трапіла днямі ў поле зроку нашага карэспандэнта.
Днямі, вяртаючыся з выязнога рэпартажу, на грунтовай дарозе пад чыгуначным мостам заўважылі гару смецця. Не жадаючы пакідаць без увагі выяўлены факт, адхіляемся ад маршруту і назіраем наступную карціну: узбочына праезнай часткі дарогі завалена мяхамі з цэглай. Акрамя таго, што яны “занялі” і засмецілі саму ўзбочыну, яны літаральна робяць немагчымым раз’езд сустрэчнага транспарту, правацыруючы тым самым аварыйную сітуацыю.
Па ўсім відаць, ”гаспадар”, наводзячы парадак на ўласным падворку ці домаўладанні, доўга не разважаў, куды падзець будаўнічыя адыходы, а проста вывез іх за горад, ну а той факт, што такім чынам арганізаваў несанкцыянаваную звалку – нават у разлік не ўзяў. І гэта пры тым, што неаднаразова і на старонках нашай газеты, і пры сустрэчах у працоўных калектывах і з насельніцтвам у час сельскіх сходаў узнімалася пытанне абыходжання з будаўнічым смеццем і буйнагабарытнымі адыходамі. Больш за тое, усе мы добра ведаем, што за парушэнне правілаў і за арганізацыю падобных несанкцыянаваных звалак прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне.
Аднак, на жаль, маем тое, што маем: выдаюцца прадпісанні, складаюцца пратаколы, выпісваюцца штрафы, але нават гэтыя меры не могуць асобных грамадзян навучыць жыць цывілізавана. Каб быў парадак на землях агульнага карыстання, у першую чаргу неабходна змяніць свядомасць людзей. А калі ў пераважнай большасці выпадкаў падобныя парушальнікі не выяўляюцца? Пытанне застаецца адкрытым.
Ну а лясгасу, як арганізацыі адказнай за недапушчэнне з’яўлення несанкцыянаваных звалак на пазначанай тэрыторыі, давядзецца навесці парадак. Хоць гэтай сітуацыі пры нашай адказнасці і законапаслухмянасці магло б і не быць, а работнікі лясной галіны свой працоўны і матэрыяльны рэсурс накіравалі б на аднаўленне ляснога фонду ці на добраўпарадкаванне існуючых месцаў адпачынку, а магчыма, і на стварэнне новых аб’ектаў.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий