Дата святкавання Дня маці прымеркавана да вялікага праваслаўнага свята – Пакрова Прасвятой Багародзіцы. І лепшага дня прыдумаць нельга. Бо матуля з першага дня жыцця засцерагае, абараняе сваё дзіця і нябачнай заслонай бязмежнай мацярынскай любові пакрывае яго на працягу ўсяго шляху. Мы спыталі ў петрыкаўчанак рознага ўзросту, што для іх значыць быць мамай? Давайце даведаемся.
Раіса ТАЛЕЦКАЯ, медыцынскі дэзынфектар, маці чатырох дзяцей:
– Не прэтэндую на выснову апошняй інстанцыі, але скажу: быць маці – галоўнае прызначэнне жанчыны ва ўсе часы. Кар’ера, самаразвіццё – усё гэта добра і правільна, аднак мацярынства – гэта трыумф сапраўднай жаноцкасці падчас цяжарнасці, гэта шчасце ўпершыню бачыць сваё дзіця, гэта радасць дапамагаць яму вывучаць і спасцігаць такі загадкавы і часам супярэчлівы навакольны свет.
Быць мамай – гэта любіць і клапаціцца бескарысліва, не за выключныя поспехі дзяцей, а часам нават насуперак. У мяне дарослыя дзеці: сынок і і тры дачушкі. Быць мамай чатырох дзяцей – гэта атрымліваць па меншай меры ў чатыры разы болей увагі, клопату, кахання. Стаўшы бабуляй, я зноўку прачула і паўтарыла ва ўнуках вялікую і ўсеабдымную любоў да сваіх дзяцей.
Адным словам, быць мамай – гэта вялікае шчасце!
Паліна ХОДЗЬКА, настаўнік пачатковых класаў ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Петрыкава”, маці дваіх дзяцей:
– Быць мамай – гэта важная роля і такі стан, які немагчыма апісаць словамі, гэта калі тваё жыццё ў адзін дзень падзялілася на “да” і “пасля”.
Мацярынства – чароўная сіла, якая ператварае жанчыну ў адно імгненне ў мудрага, адказнага і добрага настаўніка жыцця, які настаўляе дзіця на правільны шлях і ўсё жыццё словам і справай імкнецца быць побач. Я маці 29-гадовага сына і 16-гадовай дачкі. Несумненна, выхоўваць дзяцей няпроста, але вельмі цікава назіраць, як яны растуць і мяняюцца, як узаемадзейнічаюць адзін з адным, дапамагаюць, клапоцяцца, б’юцца і абдымаюцца.
Што ні гаварыце, аднак нашы дзеці – гэта наша адлюстраванне і наш гонар. Таму вельмі важна і самім адпавядаць тым патрабаванням, якія мы часам прад’яўляем да ўласных дзяцей.
Жадаю ўсім бацькам навучыцца ў дзяцей радавацца простым рэчам так, як яны гэта ўмеюць. Усім матулям хачу пажадаць здароўя, цярпення і сіл. Любіце сваіх дзяцей і прыслухоўвайцеся да іх – гэта сэнс нашага жыцця. І яшчэ, я цалкам падзяляю выказванне – шчасце нельга купіць, яго можна толькі нарадзіць.
Яўгенія МАКАРЭВІЧ, жыхарка вёскі Макарычы, пенсіянерка:
–У маім разуменні, быць мамай – гэта перш за ўсё самааддача. Рабіць усё магчымае для шчаслівага жыцця сваіх дзяцей – гэта клопат і абавязак кожнай жанчыны, якая стала маці. Але гэта не значыць, што мы павінны аберагаць дзяцей ад працы ці цяжкасцей, ствараць для іх стэрыльны свет. Наадварот, важна рыхтаваць іх да рэальнага жыцця, вучыць пераадольваць перашкоды і цаніць тое, што маюць.
Сапраўдная мацярынская любоў заключаецца ў тым, каб у сям’і панавала ўзаемаразуменне. Дзеці павінны расці ў атмасферы павагі да працы, да навакольных, да сябе. І для гэтага дарослыя абавязаны максімальна ўкладаць свае намаганні, ахвяраваць сваім часам і інтарэсамі, калі гэта неабходна. Бо дзеці вучацца не на словах, а на прыкладзе.
Я добра памятаю сваю маці. У нашай сям’і было чацвёра дзяцей. Працавала яна спачатку свінаркай, потым даяркай. Прыходзіла з працы стомленая, але заўсёды знаходзіла час для нас: пагаворыць, распытае, параіць. Ніколі не адмахвалася ад нашых праблем, заўсёды знаходзіла патрэбныя словы падтрымкі.
Я сама ўсё прафесійнае жыццё і яшчэ дзевяць гадоў пасля выхаду на заслужаны адпачынак адпрацавала на ферме. Ведаю, што такое цяжкая праца. Нягледзячы на стомленасць, складаныя працоўныя змены і іншыя абставіны, прыходзячы дадому, я заўсёды старалася аддаваць сябе дзецям. Імкнулася стварыць для іх утульную і любячую атмасферу, дзе яны маглі б адчуваць сябе ў бяспецы і падтрымцы.
Быць мамай – гэта не заўсёды лёгка. Гэта праца, гэта адказнасць, гэта часам ахвяры. Але гэта і найвялікшае шчасце.
Алена ГЕРАСІМЕНКА, маладая мама ў дэкрэтным адпачынку:
– Быць матуляй – гэта мець велізарнае сэрца. Мацярынства – лепшае, што здаралася са мной. Цешыцца новымі навыкамі дзіцяці, больш чым сваімі дасягненнямі. Чакаць, пакуль ён хутчэй засне, а потым сядзець і чакаць, каб хутчэй прачнуўся, таму што вельмі моцна засумавала па ім за гэты час. Зараз майму сыночку Аляксею год і чатыры месяцы. Здаецца, што я зусім нядаўна нарадзіла, а ўжо так хутка праляцеў час. Хочацца сказаць: “час, павольней, калі ласка, таму што так хочацца атрымаць асалоду ад кожнага моманту побач са сваім дзіцям”.
Аляксей у нас вельмі актыўны і дапытлівы хлопчык. Любім яго з татам Паўлам усёй душой і сэрцам. Ён кожны дзень дорыць нам усмешку і мы зробім усё магчымае, каб у нашага сыночка было самае цудоўнае дзяцінства.
Галіна КАЗАК, Святлана СОБАЛЕВА, Марыя ТАМКО.
Фота аўтараў.
Оставить комментарий