Гарадскі парк прыцягвае жыхароў і гасцей горада ў любую пару года. І гэта зразумела: месца адпачынку дагледжана, на тэрыторыі шмат зялёных насаджэнняў, ёсць магчымасць наведаць цудоўны музей, памятныя знакі. Для зручнасці наведвальнікаў у грамадскім месцы горад усталяваў сучасныя лаўкі, альтанкі, забяспечыў месцы спуску парэнчамі. Не так даўно ў гарадскім парку ўсталявалі сучасныя грамадскія біяпрыбіральні, якія прадастаўлены насельніцтву для бясплатнага карыстання.
На жаль, новыя збудаванні, прызначаныя для канфорту адпачываючых, не раз станавіліся аб’ектамі вандалізму з боку хуліганаў. Невядомыя зламыснікі ламалі альтанку, пра што пісалі карэспандэнты, цяпер назіраем пашкоджаныя дахі санітарных вузлоў (на фота). Паводзіны дадзенай катэгорыі грамадства – размова асобная і датычыцца кампетэнцыі органаў унутраных спраў. Сёння хочацца пацікавіцца ў работнікаў мясцовай камунальнай службы: не эстэтычны знешні выгляд маёмасці, якая належыць арганізацыі і абслугоўваецца ёю, кідаецца ў вочы прахожым не адзін месяц. І самае галоўнае: як скарыстацца кабінкай без даху ў дождж ці снег?
Сітуацыю трэба выпраўляць і прывесці біяпрыбіральні ў належны стан, бо на сённяшні дзень яны з’яўляюцца неад’емнай часткай жыцця. Іх наяўнасць і карыстанне накіравана на паляпшэнне інфраструктуры горада і зручнасці наведвальнікаў парка.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий