Ёсць хвілінка – патрэбна вышываць

0
637

Кожны з нас так ці інакш пэўны час свайго жыцця прысвячае любімаму занятку. Па-сапраўднаму шчаслівы той, хто яго знайшоў. Агонь у вачах, пазітыў і энергія – тое, што характарызуе нашу сённяшнюю гераіню. Святлана Ёрш прысвяціла сябе вышыванню. І вось яе гісторыя.

Ёсць хвілінка – патрэбна вышываць Ёсць хвілінка – патрэбна вышываць Ёсць хвілінка – патрэбна вышываць Ёсць хвілінка – патрэбна вышываць Ёсць хвілінка – патрэбна вышываць Ёсць хвілінка – патрэбна вышывацьУжо пра тое, што размова будзе на пазітыўнай хвалі, сведчыў той факт, што дом гаспадыні, з якой хацела сустрэцца, быў самым яркім на яе вуліцы: аформлены ў цёплы жоўты колер.

Святлана Лаўрэнцьеўна з першых секунд знаёмства здзівіла сваёй любоўю да творчасці. Вязаныя дыванкі, вышытыя фіранкі, карціны, абразы, ручнікі – пакоі жанчыны ўпрыгожаны уласнымі работамі. Наша размова пачалася так:
– Нарадзілася і вырасла я ў вёсцы Заброддзе. Школу скончыла ў Курыцічах. Адразу пасля яе заканчэння выйшла замуж. Будучы жаніх толькі прыйшоў з войска і адразу ж сказаў: трэба ажаніцца!

Разам мы працавалі на ферме. Ён глядзеў цялят, а я збірала малако. Мы пабудавалі дом у вёсцы і нарадзілі чацвёра дзяцей. Пражылі ў шлюбе 50 гадоў. 8 гадоў таму муж пайшоў з жыцця.
Па словах суразмоўцы, яна з дзяцінства займаецца рознымі відамі народнай творчасці: вышыўкай, вязаннем спіцамі і кручком.

– Больш за ўсё я люблю вышываць крыжыкам. Па маладосці больш вышывала гладдзю. Мне ўжо цяжка ўявіць сябе без майго хобі. Вышыўка – гэта натуральная частка майго жыцця, роўна такая ж, як устаць раніцай з ложка, памыцца, паснедаць. Муж жартаваў: “Святлана, пакінь іголкі, адпачні!” А для мяне адпачынак – маё рукадзелле.
У кожнага чалавека ёсць сваё хобі. Той занятак, які здольны паслабіць, адцягнуць ад паўсядзённых спраў, ад розных думак і даць адпачыць.
На пытанне, хто ж натхніў маю гераіню на творчасць, яна адказала так:
– Нягледзячы на тое, што маці мая, Еўдакія Дзмітрыеўна, усё жыццё працавала прадаўшчыцай у краме, яна таксама шмат вязала. Вязаныя яркія круглай формы дываны – справа яе рук. Маці даўно няма, а яе вырабы да гэтага часу служаць нам. Тым больш, што яны захаваліся выдатна.
Святлана Лаўрэнцьеўна, захавальніца народных промыс-лаў, не шкадуе ведаў. Днямі да яе прыходзілі школьнікі з Курыціцкай сярэдняй школы. Для іх яна правяла свайго роду майстар-клас.
– Радуе, што дзеці добра аднесліся да маёй справы. Тыя, хто ўзяў у рукі іголку і прашыў пару крыжыкаў, захапіліся сур’ёзна. Упэўнена, іх зацікаўленасць на гэтым не скончыцца.

Не абышлося без падарункаў. Рушнік ручной работы Святлана Лаўрэнцьеўна падарыла школе.
– Мне пашанцавала, я шчаслівая бабуля 7 унукаў і 6 праўнукаў, якія не даюць мне сумаваць. Прыязджаюць на канікулы і ўлетку, і ўзімку. Яны ж прывозяць мне ніткі і палатно для вышывання.
Унук дачкі, якая працуе настаўніцай у Курыцічах, часта ў мяне бывае, асабліва любіць грэцца на печы, таксама пераняў любоў да вышыўкі. Яго праца з ваўком стаіць у мяне ў рамачцы ў якасці падарунка.
Святлана Лаўрэнцьеўна адзначыла, што для многіх сябровак яе ўзросту дзень цягнецца, асабліва ў халодную пару, калі спраў па гаспадарцы асабліва няма.
– У мяне ж дзень пралятае хутка з-за захаплення. Я проста абавязана вышываць, гэтай справай я гару.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о