Кажуць, што анёлы часам спускаюцца на зямлю і прымаюць чалавечае аблічча. Калі гэта сапраўды так, то, напэўна, перад намі яны паўстаюць ў вобразе работнікаў аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі.

Сёння раённая служба нястомных “анёлаў-ахоўнікаў” адзначае свой паўвекавы юбілей. Менавіта ў палатах гэтага аддзялення – нябачная, але вельмі адчувальная грань паміж сучасным і будучым. Тут амаль заўсёды усё вырашае адно імгненне, адзін рух ці крок. А тыя, хто працуе ў аддзяленні – пра жыццё ведаюць больш і адчуваюць яго глыбей.

Яны ведаюць пра жыццё больш за іншых

Што памятаюць калідоры рэанімацыі і чым жыве аддзяленне сёння – пра гэта мы пагутарылі з загадчыкам аддзялення Алегам Мацвеевым.

Анестэзіялогія і рэанімацыя – сфера дастаткова маладая нават у сусветнай медыцыне. У нашай краіне падобныя спецыялізаваныя службы сталі фарміравацца толькі ў 70-я гады мінулага стагоддзя.

4 кастрычніка 1974 года пры Петрыкаўскай ЦРБ было створана першае ў Гомельскай вобласці аддзяленне рэанімацыі.

– Бальніца – адзіны арганізм, для зладжанай працы якога важная кожная яго частка, кожнае аддзяленне. Аднак рэанімацыя – гэта заўсёды экстрэмальная сітуацыя, заўсёды барацьба за жыццё, асаблівыя рызыкі, пастаяннае напружанне. І Петрыкаўская цэнтральная раённая бальніца па праве можа ганарыцца сваёй рэанімацыйнай службай. З самага заснавання ў яе складзе працуюць выдатныя спецыялісты, сапраўдныя прафесіяналы, – паведаміў у час размовы нашаму карэспандэнту загадчык аддзялення Алег Мацвееў. – У вытокаў службы стаяў Валерый Васільевіч Трусянкоў – чалавек-легенда, моцны прафесіянал, урач з вялікім сэрцам і бясконца добрай душой.

Па меркаванні нашага суразмоўцы, спецыялісты, якія пачыналі тут працаваць, змаглі закласці ў аддзяленні асновы якаснай медыцынскай дапамогі, зрабіць яго калектыў адным з самых прафесійных і адказных. Між іншым, прафесійны шлях Алега Яўгенавіча звязаны выключна з рэанімацыяй, якой ён самааддана служыць вось ужо на працяу 30-ці гадоў, з якіх 21 –  з’яўляецца яго загадчыкам.

Яны ведаюць пра жыццё больш за іншых

– Сёння з мінулым нас звязвае не толькі гісторыя, але і традыцыі – адказнага і чулага стаўлення да пацыентаў. Штогод праз наша аддзяленне праходзіць ад 550 да амаль 700 хворых.

Ведаеце, мала часам проста прааперыраваць пацыента, паспяхова правесці сур’ёзную аперацыю, не менш адказны і этап рэабілітацыі, падтрымання жыццёва важных функцый арганізма, якія далі збой пасля захворвання ці хірургічнага ўмяшальніцтва.

Традыцыйна да нас паступаюць самыя цяжкія пацыенты розных узростаў і паталогій – гэта спецыфіка аддзялення. Як правіла, гэта кардыялагічныя, пульманалагічныя, неўралагічныя захворванні і паталогіі, інсульны, траўмы, атручванні, якія патрабуюць карэкцыі парушаных жыццёва важных функцый. Мы праводзім штучную вентыляцыю лёгкіх,  падтрымку сардэчнай дзейнасці і многае-многае іншае. Паступаюць да нас хворыя без прытомнасці, у шокавых станах, пасля працяглых траўматычных аперацый. Нашыя спецыялісты кансультуюць пацыентаў і ў іншых аддзяленнях, калі праведзеных маніпуляцый недастаткова – пераводзім да сябе ў аддзяленне. У нас, як вядома, і дыягностыку, і абследаванне можна правесці аператыўней. На што ў звычайным аддзяленні адводзіцца некалькі дзён, у нас вымяраецца некалькімі гадзінамі, – распавёў суразмоўца.

Не без гонару ў час размовы Алег Яўгенавіч зазначыў, што аддзяленне цалкам ўкамплектавана ўсім неабходным для райбальніцы абсталяваннем: маецца  комплекс дыягнастычнага, наркозна-дыхальнага, сачыльнага абсталявання, перасоўныя ўстаноўкі, адмысловыя ложкі, словам, усё, што неабходна для рэанімацыі пацыентаў.

– За апошнія гады мы атрымалі нямала новага абсталявання і вельмі ўдзячныя за гэта нашаму кіраўніцтву.

І ўсё ж такі, нягледзячы на годнае тэхнічнае забеспячэнне, трэба разумець, што не апошнюю ролю ў выздараўленні, а часам і выратаванні чалавека адыгрываюць работнікі аддзялення, мае калегі. А праца тут, як ні круці, амаль заўсёды экстрэмальная і, без перабольшання, даволі цяжкая. Супрацоўнікі ўвесь час знаходзяцца ў псіхаэмацыйным напружанні. Ці жарт – штодня за лічаныя хвіліны прымаць рашэнні, ад якіх у літаральным сэнсе залежыць чыёсьці жыццё. Аднак мы спраўляемся, бо маем згуртаваны прафесійны калектыў.

На сённяшні дзень у аддзяленні працуюць 5 урачоў, 14 медсясцёр, 4 санітаркі, і ўсе яны маюць вялікі вопыт і кваліфікацыю.

Дарэчы сказаць, нашыя медсёстры нездарма лічацца элітай сястрынскай справы, бо, як правіла, ужо нават па беглым погля-дзе на пацыента яны могуць заўважыць яго востры стан і своечасова паклікаць урача. У цэлым жа, праца ў рэанімацыі патрабуе ад медсястры неверагоднай паваротлівасці, сілы характару і, вядома ж, асаблівай уважлівасці. Фактычна ўсе нашыя хворыя – ляжачыя, а гэта значыць спіс працэдур і маніпуляцый у разы перавышае той, што выконваюць іх калегі ў любым іншым аддзяленні. Тое ж самае можна сказаць і пра санітарак, якія не абмяжоўваюцца навядзеннем і падтрыманнем парадку, а прыходзяць на дапамогу, калі неабходна транспарціраваць хворага, пераапрануць ці пакарміць.

Каманда ў нас сапраўды праверана гадамі і вопытам, загартаваная цяжкасцямі, выпрабаваная эмацыйнымі і фізічнымі нагрузкамі і, што немалаважна, надзеленая найвышэйшай чалавечай чуласцю і прафесійнай  адказнасцю – у рэанімацыю проста так не трапляюць, – пазначыў загадчык аддзялення і дадаў: – Напярэдадні залатога юбілею аддзялення мне хацелася б павіншаваць сваіх калег і нашых паважаных ветэранаў з такой прыгожай датай, пажадаць усім здароўя і мірнага неба над галавой, па-дзякаваць за штодзённую самаадданую працу і вернасць свайму прызванню. Няхай у вашых дамах і сем’ях пануюць шчасце і дабрабыт.

Калектыў “ПН” далучаецца да віншаванняў і жадае рэанімацыйнай службе раёна далейшага паспяховага развіцця. А яшчэ, абавязкова, моцнага здароўя, сіл і цярпення, цяпла і ўзаемаразумення ў сем’ях.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о