Якая роля пустуючага стэнда?
Думаю, са мной пагодзяцца многія: вулічныя стэнды – адзін з надзейных інструментаў для распаўсюджвання інфармацыі сярод насельніцтва. Нават самыя сучасныя сродкі камунікацыі пакуль не могуць у поўнай меры замяніць лісты паперы з тэкстам на іх. Ды і не кожны чалавек, асабліва сталага ўзросту, “прысутнічае” ў сацыяльных сетках, таму не мае магчымасці атрымаць неабходныя звесткі. А вывешаная інфармацыя на бачным месцы – адкрыты доступ да яе людзям, якія знаходзяцца побач.
Жыхары Петрыкава заўважылі, што ў апошні час новыя інфармацыйныя стэнды з’яўляюцца каля сацыяльна значных устаноў, арганізацый райцэнтра. Напэўна, для размяшчэння іх у шматлюдных месцах, была прычына: прыцягненне большай увагі да актуальных паведамленняў. Такі стэнд з’явіўся і пры ўваходзе на тэрыторыю Петрыкаўскай цэнтральнай бальніцы. Згадзіцеся, месца самае прыдатнае: напэўна, за дзень сотні чалавек праходзіць каля галоўнай у раёне ўстановы аховы здароўя. Толькі ніякай карыснай інфармацыі землякі прачытаць не могуць – файлы стэнда пустыя. Здавалася б, каму як не гэтай установе прапаноўваць насельніцтву інфармацыю: прафілактыка вірусных захворванняў, арганізацыя платных паслуг, графік работы спецыялістаў. Пералічваць можна бясконца.
Хацелася б, каб адпаведныя службы медустановы іншыя зацікаўленыя органы скарысталіся дадзенай магчымасцю і прапанавалі жыхарам Петрыкаўшчыны. Упэўнена, што азнаёміцца з ёю, знойдзецца не мала жадаючых.
Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий