Выконваем тэрмінова, дарабляем марудна
Сапраўды зручны аб’ект пешаходнай інфраструктуры зрабілі для жыхароў горада камунальнікі ў мінулым годзе – паўз дарогу па вуліцы акадэміка Каралёва тут з’явілася даволі шырокая брукаваная сцежка, што цягнулася ад дома № 9 і да святлафора. Маршрут гэты вельмі папулярны: многія крочаць гэтых шляхам да гандлёвага цэнтра горада.
Цягам будаўнічых работ каля самага пачатку брукаванага тратуару з’явілася немалая куча зямлі. Большая частка яе была “сцягнута”, калі працаўнікі раўнялі пляцоўку пад сцежку. Першапачаткова ўвагі на гэтую кучу асабліва ніхто не звяртаў, маўляў, у хуткім часе камунальнікі ўсё прыбяруць, але прайшоў месяц, потым цёплы сезон, а “альпійскі ўзгорак” неахайнага выгляду так і застаўся напамінам недагляду камунальнай службы. Больш за тое, пасля дажджоў на ім ужо буяе трава, што ў хуткасці дасягне чалавечага росту.
Здавалася б, для камфорту гараджан і гасцей Петрыкава быў створаны патрэбны аб’ект, але неахайнасць на фінальным этапе яго будаўніцтва псуе агульнае ўражанне ад зробленай карыснай працы. Вось і атрымліваецца, што прыгажосць і камфорт зноў саступілі натуральнай абыякавасці.
Спадзяёмся, што гэты невялікі ўчасткам зямлі не абміне гаспадарскае вока спецыялістаў камунальнай службы, тым больш, што на ўзбочыне дарожкі засталося яшчэ некалькі куч прывезенай зямлі ўжо гэтага сезона, якую камунальнікі яшчэ не паспелі раскідаць паабапал сцежкі.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий