На Петрыкаўшчыне, як і ва ўсёй краіне, праходзіць навагодняя дабрачынная акцыя “Ад усёй душы”.
З нагоды ДУ “Капаткевіцкі сацыяльны пансіянат “Палессе” наведалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і другіх устаноў Аляксандр Матарас, настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы гарадскога пасёлка Капаткевічы святар Сергій Вашкоў, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама Мікалай Семяніцкі. Для пастаяльцаў было арганізавана сапраўднае свята, напоўненае цёплымі словамі віншаванняў, падарункамі, песнямі, танцамі.
– Дадзеная акцыя накіравана на падтрымку сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян, а таксама на выхаванне ў грамадстве пачуцця адказнасці, міласэрнасці і ўзаемадапамогі, – адзначыла Святлана Сянько. – Ад усёй душы – гэта не проста словы, гэта заклік да кожнага з нас праявіць сваю дабрыню, падзяліцца цяплом і зрабіць навагоднія святы больш яркімі і шчаслівымі для тых, хто ў гэтым мае найбольшую патрэбу.

Пра важнасць такіх ініцыятыў, якія аб’ядноўваюць людзей розных пакаленняў і сацыяльных груп дзеля агульнай мэты, гаварыў і Аляксандр Матарас:
– Быць бліжэй да людзей, адчуваць іх патрэбы і спрыяць паляпшэнню іх жыцця – такую задачу ставяць перад сабой прафсаюзы краіны, – адзначыў прадстаўнік абласной прафсаюзнай арганізацыі. – Такія акцыі – гэта не толькі матэрыяльная дапамога, але і, што найважней, маральная падтрымка, якая дае сілы і веру ў лепшае.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў сумесна з Петрыкаўскім раённым аддзяленнем Гомельскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” уручыла падарунак установе для заняткаў жыльцамі творчасцю, старшыня абласной арганізацыі – сертыфікат на набыццё неабходнага для пражываючых.
Свята не абмежавалася толькі афіцыйнымі момантамі. Для прысутных валанцёры Капаткевіцкай школы і работнікі пансіяната падрыхтавалі яркую і душэўную канцэртную праграму.

У заканчэнні мерапрыемства да ўдзельнікаў звярнуўся настаяцель храма Сергій Вашкоў, нагадаўшы пра важнасць веры, надзеі і любові, якія дапамагаюць пераадолець любыя цяжкасці і заставацца моцнымі духам,
Падчас візіту госці мелі магчымасць азнаёміцца з аспектамі жыцця ў пансіянаце. Яны наведалі жылыя пакоі, ацаніўшы іх камфортнасць і ўтульнасць. Увага была нададзена зонам, прызначаным для адпачынку і творчасці.

Важнай часткай сустрэчы стаў дыялог з жыхарамі пансіяната, якія адзначылі: умовы пражывання ў пансіянаце годныя. Пастаяльцы падкрэслівалі, што маюць магчымасць не толькі жыць у добрых умовах, атрымліваць якаснае харчаванне і неабходныя медыцынскія паслугі, а і займацца любімай справай, хобі. У іх словах чуліся шчырыя эмоцыі. Людзі, якія прайшлі праз розныя жыццёвыя выпрабаванні, адкрыта выказвалі сваю ўдзячнасць дзяржаве, кіраўніцтву раёна, пансіяната.
– Сённяшні дзень – гэта сапраўднае свята для ўсіх нас. Мы шчыра ўдзячныя кожнаму з вас за тое, што вы знайшлі час і магчымасць наведаць нашу ўстанову, падзяліцца сваім цяплом і ўвагай. Вашы ўсмешкі, добрыя словы, падарункі дораць людзям адчуванне, што яны з’яўляюцца часткай вялікага і клапатлівага грамадства, – адзначыла дырэктар установы Людміла Гошка.
Акцыя “Ад усёй душы” працягнецца да 14 студзеня, нагадваючы ўсім нам: самым каштоўным у жыцці з’яўляецца чалавечая цеплыня, увага і любоў.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.








Оставить комментарий