Прадастаўленне жылля для маладых спецыялістаў адыгрывае істотную, а для некага і першачарговую ролю пры размеркаванні на першае працоўнае месца, асабліва ў невялікія раёны. Часта выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў на адпрацоўку накіроўваюць па месцы жыхарства, аднак не рэдкія выпадкі, калі даводзіцца пераязджаць у іншы раён, а часам нават і вобласць. Таму падтрымка дзяржавы і наймальніка ў гэтым пытанні вельмі важная.
Як маладыя спецыялісты на Петрыкаўшчыне забяспечаны жыллём – вывучала наш карэспандэнт.

На мінулым тыдні з начальнікам арганізацыйна-кадравага аддзела Кацярынай Бекарэвіч мы знаёміся з сітуацыяй, што называецца на месцы – завітаўшы да маладых спецыялістаў у госці. Пакуль трымалі шлях на аграгарадок Пціч, галоўны кадравік раёна нагадала, што заканадаўствам нашай краіны прадугледжаны цэлы комплекс мер падтрымкі. Так, маладыя спецыялісты на перыяд працоўных адносін маюць першачарговае права на прадастаўленне арэнднага жылля пры адсутнасці ў іх ва ўласнасці або ва ўладанні і карыстанні іншых жылых памяшканняў у населеным пункце па месцы працы. Для гэтага арганізацыя, куды спецыяліст накіроўваецца на працу, падае індывідуальнае хадайніцтва.
Маладым спецыялістам на перыяд іх працы можа быць прадастаўлены пакой у інтэрнаце. Для гэтага неабходна знаходзіцца на ўліку жадаючых атрымаць жылое памяшканне ў інтэрнаце. Прыняцце на ўлік ажыццяўляецца па месцы працы, службы згодна з адміністрацыйнай працэдурай. Сем’ям прадастаўляецца ізаляванае жылое памяшканне, якое складаецца з аднаго або некалькіх пакояў.
Сёлета 84 чалавекі размеркаваліся на першае працоўнае месца ў наш раён, 48% з іх прыйшлі на працу па месцы жыхарства, астатнім прадастаўлены жылыя памяшканні – дамы, пакоі ў жылых дамах, кватэры і пакоі ў кватэрах і інтэрнатах.

Умовы створаны. Заставайцеся!За размовай уязджаем у Пціч і накіроўваемся да Крысціны Салдаевай (на фота), ураджэнкі Рэчыцы, выпускніцы мясцовага аграрнага каледжа, якая ўжо другі год працуе ў ААТ “Агра-Пціч” спецыялістам па кадрах.
– Па прыбыцці мне адразу ж было прадастаўлена жыллё – дом, – распавяла малады спецыяліст. – Мне ўсё падабаецца: у доме ёсць неабходная мэбля, уключаючы кухонны гарнітур, халадзільнік. Адзінае, што мы з суседкамі набылі – пральную машыну-аўтамат. Менавіта па гэтай прычыне не скарысталася правам на льготны крэдыт – усё неабходнае для арганізацыі быту ў нас было. Забяспечвае гаспадарка і палівам. З катлом спраўляюся, а я ж, між іншым, гарадскі жыхар (усміхаецца). Жыву ў пакоі адна, месца дастаткова.
Што да прафесійнай адаптацыі, то, як пазначыла Кацярына Паўлаўна, для маладых спецыялістаў кіраўніцтва гаспадаркі арганізавала стажыроўку ў СУП “Палессе-Аграінвест”, гэта была вельмі карысная і своечасовая дапамога. Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання таксама пастаянна аказваюць дапамогу.
Малады спецыяліст Уладзіслава Каралёва, ураджэнка Рэчыцкага раёна, працуе ў ААТ “Агра-Пціч” галоўным эканамістам і жыве ў пакоі трохпакаёвай кватэры, якая знаходзіцца на балансе райжылкамгаса. Адзначым, што ў кватэры зроблены свежы рамонт: паклеены шпалеры, пафарбавана падлога. Уся неабходная для жыцця мэбля таксама маецца.
Па словах Кацярыны Валер’еўны, кіраўніцтва наведанай гаспадаркі не адзінае, хто клапоціцца аб камфорце сваіх маладых работнікаў. Многія арганізацыі раёна прапануюць неблагія ўмовы пражывання, галоўнае, каб моладзь хацела працаваць старанна і якасна.

Умовы створаны. Заставайцеся!
Вяртаемся ў райцэнтр, каб даведацца, як уладкаваліся на першым працоўным месцы так патрэбныя раёну ветэрынары і медыкі.
Віцябчанін Ягор Ганчароў (на фота), сёлетні выпускнік Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, размеркаваўся на Петрыкаўшчыну пасля заканчэння ўстановы ў сакавіку месяцы. Ужо ў чэрвені граматны і адказны малады спецыяліст узначаліў супрацьэпізаатычны аддзел. Як пазначыў у час размовы ветэрынарны ўрач, ён цалкам задаволены сваім першым працоўным месцам: умовы працы годныя, спецвопраткай і неабходнымі прэпаратамі для выканання сваіх службовых абавязкаў забяспечаны цалкам.
– У калектыве знайшоў падтрымку з боку кіраўніцтва і калег, нават імклівы кар’ерны рост здарыўся.Што да жыллёвых умоў, то і яны мяне цалкам задавальняюць: асобны пакой у інтэрнаце дае магчымасць адпачыць пасля напружанага працоўнага дня, – пазначыў наш суразмоўца.
– Заўваг і нараканняў на работу Ягора Аляксеевіча ў нас няма. Малады спецыяліст валодае неабходнымі прафесійнымі кампетэнцыямі, старанны і ўдумлівы. Вельмі разлічваем, што ён у нас замацуецца, – падзяліўся галоўны ветэрынарны ўрач раёна Ігар Траяноўскі.
Умовы створаны. Заставайцеся!Гамяльчанка, выпускніца медыцынскага ўніверсітэта Анастасія Карпач, працуе акушэр-гінеколагам у ЦРБ і жыве ў аднапакаёвай арэнднай кватэры па вуліцы Дружбы.
– Шчырыя і адкрытыя ўзаемаадносіны ў калектыве дазваляюць адчуваць сябе ўпэўнена ў прафесіі, а годныя бытавыя ўмовы – камфортна адпачыць пасля працоўнага дня, – пазначыла ў размове Анастасія Аляксандраўна.
Падводзячы вынік паездкі, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Кацярына Бекарэвіч адзначыла, што маніторынгі жыллёвых умоў і працоўнай адаптацыі маладых спецыялістаў праходзяць у раёне на пастаяннай аснове. Спецыялісты аналізуюць сітуацыю і збіраюць неабходную інфармацыю, каб лепш разумець патрэбы і ведаць пра праблемы, якія хвалююць маладых людзей. Мэта маніторынгу – дапамагчы моладзі стварыць годныя ўмовы працы, пражывання і адпачынку. Да таго ж, жыллё, як вядома, адзін з важных аспектаў замацавання маладых спецыялістаў.
І з гэтым нельга не пагадзіцца. Пажадаем моладзі паспехаў на першым працоўным месцы, кар’ернага росту і замацавацца на Петрыкаўшчыне.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о