Украў у краме – пакаранне непазбежна

0
127

Разнастайнасць тавараў на паліцах аб’ектаў гандлю і адсутнасць грошай на іх пакупку правакуюць некаторых грамадзян на здзяйсненне крадзяжу. З развіццём грамадства і стратай традыцыйных каштоўнасцяў, крадзеж тавараў з магазінаў стаў банальнай падзеяй. Дробныя зладзюжкі ўжо не лічаць сябе рабаўнікамі, а зробленае імі – крадзяжом. За тлумачэнне прававых аспектаў падобнага злачынства мы звярнуліся да старшага ўчастковага інспектара Аляксандра Рыбака.

– У Петрыкаве з пачатку года зафіксавана 7 фактаў крадзяжу тавараў з аб’ектаў гандлю, – праінфармаваў праваахоўнік і дадаў: – Прадметамі злачынных замахаў сталі спіртныя напоі, кава, малочныя прадукты, мясныя вырабы, садавіна, цукеркі.
Зыходзячы са статыстыкі па краіне, крадзяжы здзяйсняюцца рознымі катэгорыямі людзей: гэта як асобы раней судзімыя, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, так і непаўналетнія дзеці з нядобранадзейных сем’яў, а таксама пенсіянеры.

– Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае розныя віды адказнасці за крадзеж тавараў з магазінаў. Гэта правапарушэнне трапляе пад частку 1 артыкула 205 КК Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якой за таемны крадзеж маёмасці прадугледжана пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.

Часцей за ўсё, калі крадзеж дробны, адказнасць прадугледжана артыкулам 11.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Згодна з дадзеным артыкулам, дробны крадзеж маёмасці шляхам крадзяжу, а таксама спроба крадзяжу цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да трыццаці базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт, – пазначыў старшы ўчастковы інспектар.

Калі вы сталі відавочцам злачынства або правапарушэння, неабходна звярнуцца ў АУС Петрыкаўскага райвыканкама па нумарах тэлефона 8-033-680-50-02 або 102.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о