Жыллёва-эксплуатацыйную службу райжылкамгаса можна параўнаць з арганізмам. Калі ён функцыянуе без збояў, мы не заўважаем яго працы. Варта толькі адказаць нейкаму органу або элементу, як тут жа гэты збой адгукнецца на дзейнасці ўсёй сістэмы. Менавіта на работнікаў дадзеннай службы ўскладзена руцінная і часта незаўважная работа па забеспячэнні камфортнага жыцця насельніцтва.
Мікалай Цітоў каля года працуе начальнікам жыллёва эксплуатацыйнага ўчастка Петрыкаўскага камунгаса. У яго падпарадкаванні дзевяць работнікаў, намаганнямі якіх забяспечваюцца парадак і спраўнае функцыянаванне водаправоднага, ацяпляльнага, каналізацыйнага абсталявання. “Усё, што ніжэй зямлі – наша поле адказнасці”, – удакладняе герой артыкула. За параўнальна кароткі адрэзак часу працы ў камунальнай сферы, Мікалай Паўлавіч зарэкамендаваў сябе як адказны спецыяліст, здольны арганізаваць працу брыгады для вырашэння неабходных пытанняў ў найкарацейшыя тэрміны. Яго прыклад дэманструе: у справе галоўнае не досвед, а характар і адказнасць.
– Не магу не сказаць словы падзякі рабочым са сваёй брыгады. Планавыя агляды, замена абсалявання, рамонт сістэм, хуткае рэагаванне на звароты грамадзян – усё выконваецца якасна і своечасова, – адзначае суразмоўца. – Многія землякі не ведаюць, якая вялізная праца стаіць за пэўным участкам камунальнай сферы. Напрыклад – падрыхтоўка да ацяпляльнага сезону. Яна ўжо пачынаецца адразу пасля адключэння ацяплення. Улічваючы, што праца доўжацца амаль паўгода, жыхары яе практычна не заўважаюць і асаблівых нязручнасцяў не адчуваюць. Хоць робіцца вельмі шмат.
Каб зразумець спецыфіку працы брыгады ўчастка дастаткова трапіць у падвал жылога дома, дзе размяшчаюцца цеплавузлы. У час падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона тут пры неабходнасці замяняецца запорная арматура, аднаўляецца цеплаізаляцыя, праводзіцца паверка і замена прыбораў, выконваецца апрасоўка сістэмы ацяплення.
На пытанне, ці лёгка размаўляць з жыхарамі горада, якія далёка не заўсёды тактоўныя і прыязныя з работнікамі ЖКГ, начальнік участка адказвае:
– У кожнай сітуацыі патрэбен свой падыход. Трэба ўмець згладжваць вострыя углы. Заўсёды імкнуцца ўглыбіцца ў праблему, зразумець яе сутнасць і аператыўна пасадзейнічаць рашэнню. Праўда, людзям варта разумець, што не ўсе камунальныя пытанні вырашаюцца хутка, нібы па чараўніцтву.
Мікалай Паўлавіч прызнаецца: нягледзячы на тое, што стаж работы ў галіне невялікі, тэарэтычныя і практычныя навыкі ў гэтай сферы дзейнасці ёсць. У свой час пасля заканчэння першай гарадской школы скончыў з адзнакай Клімавіцкі сельгастэхнікум па спецыяльнасці “Тэхнік-механік”, больш за дваццаць гадоў адпрацаваў рабочым па рамонту будынкаў і збудаванняў у Петрыкаўскім участку электрасетак. На новай пасадзе гэтыя веды спатрэбіліся.
Мой суразмоўца – чалавек вялікага кругагляду і можа падтрымаць любую тэму пры зносінах з людзьмі – у чым я пераканалася асабіста. Мае сваё меркаванне і здольны яго аргументаваць, эрудыраваны – кніга з’яўляецца яго хобі з дзіцячых гадоў.
Мікалай Паўлавіч выхоўвае чацвярых дзяцей, адзін з якіх – студэнт, трое – навучэнцы школы. Ён надзейная апора як па хатняй гаспадарцы, так і ў выхаванні дзяцей сваёй жонцы, якая будучы работнікам Дэпартамента аховы, часта працуе ў выходныя і святочныя дні.
– Сям’я – самае каштоўнае ў маім жыцці. На працы я патрабавальны начальнік участка, а дома – любячы тата, клапатлівы муж, – падкрэслівае суразмоўца. – Жонка і дзеці з разуменнем ставяцца да майго ненармаванага рабочага дня. Ведаюць: нягледзячы на занятасць, у патрэбны момант я заўсёды побач з роднымі.
– Напярэдадні свята хачу павіншаваць ўсіх работнікаў Петрыкаўскага камунгаса з прафесійным святам, – звярнуўся напрыканцы размовы Мікалай Паўлавіч. – Жадаю ўсім моцнага здароўя кахання, удачы, надзейных калег і вясенняга настрою!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий