Штогод у верасні ветэраны спорту сустракаюцца за більярдным сталом, каб ушанаваць памяць Ігара Шастапалава, заснавальніка гэтага віду спорту ў раёне. Менавіта ён быў ініцыятарам развіцця більярда на Петрыкаўшчыне, узначальваў спартыўную секцыю, прымаў актыўны ўдзел у раённых і абласных спаборніцтвах. Быў прызёрам абласной спартакіяды работнікаў Гомельскага аблвыканкама. З намі яго ўжо няма 8 гадоў, але добрую памяць аб ім, мы, ветэраны спорту захоўваем.
У турніры прынялі ўдзел 8 ветэранаў спорту. Перад пачаткам турніру адбылося ўрачыстае адкрыццё, на якім з прывітальным словам да прысутных звярнулася інспектар спорту Петрыкаўскага райвыканкама Наталля Судзібор.
Спаборніцтвы прайшлі ў цікавай спартыўнай барацьбе. Удзельнікі шляхам жараб’ёўкі былі падзелены на 2 падгрупы. Пераможцы падгрупы разыгрывалі паміж сабой званне чэмпіёна, а ўдзельнікі, якія занялі другія месцы, вызначалі ў вочнай гульні трэцяга прызёра турніру.
У першай падгрупе перамогу святкаваў Юрый Юніцкі, які атрымаў тры перамогі. Другое месца заняў Віктар Іваноў, у другой падгрупе таксама ва ўсіх трох гульнях пераможцам стаў Уладзімір Міцкевіч, другі радок у турнірнай табліцы заняў Сяргей Шпак. Званне чэмпіёна адстойваў Юрый Юніцкі і Уладзімір Міцкевіч. З лікам 8:0 перамогу атрымаў Юрый Юніцкі. А вось у спаборніцтве за трэцяе прызавое месца гульня была больш напружанай.
Пераможцам з лікам 8:6 стаў Віктар Іваноў. Ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны ўзнагароды: дыплом ад сектара спорту і каштоўныя прызы ад ГА “Ветэраны спорту Петрыкаўскага раёна”.
Аляксей Каюкала.
Оставить комментарий