“Super ПРОФІ-2025”

0
44

На гэтым тыдні ў раённым Доме культуры прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу маладых работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь “Super ПРОФІ-2025”.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі самыя актыўныя і творчыя прадстаўнікі працоўнай моладзі з 6-ці прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Петрыкаўшчыны: Мацвей Хрысталюбаў, начальнік участка падземнага ўчастка вентыляцыі і бураўзрыўных работ ААТ “Беларуськалій”, Маргарыта Занкевіч, майстар народных мастацкіх рамёстваў філіяла “Петрыкаўскі раённы дом рамёстваў” ДУК “Петрыкаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, Ганна Абібак, інжынер па лесааднаўленні ДУА “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, Марыя Шамра, акушэрка УАЗ “Петрыкаўская цэнтральная раённая бальніца”, Паліна Бычкоўская, педагог дадатковай адукацыі ДУА “Петрыкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”, Юлія Шуберт, настаўнік нямецкай мовы ДУА “Курыціцкая сярэдняя школа”.

Кожны з іх змог адлюстраваць унікальнасць і важнасць сваёй прафесіі. Члены судзейскай калегіі адзначылі, што мэтай правя-дзення спаборніцтва з’яўляецца выяўленне і заахвочванне лепшых маладых работнікаў, якія дабіліся значных поспехаў у прафесійнай і грамадскай дзейнасці. Ацэньвалася яркасць і арыгінальнасць выступленняў, агульны мастацкі і музычны ўзровень, артыстызм і, вядома, крэатыўнасць.

Конкурсная праграма была насычанай і цікавай. На сцэне Дома культуры канкурсанты паразважалі на тэму: “Чаму мая прафесія лепшая?”, прадэманстравалі відэавізітоўку пра сваю працоўную дзейнасць і парадавалі гледачоў яркімі творчымі нумарамі. Напрыклад, Мацвей Хрысталюбаў, разам з групай падтрымкі – музыкантамі і майстрамі сваёй справы, прадставіў аўтарскі гімн Петрыкаўскага рудаўпраўлення, Маргарыта Занкевіч і Юлія Шуберт прачыталі пранікнёныя вершы беларускіх аўтараў, Ганна Абібак прадставіла вакальна-інструментальны нумар пад гітару, праспяваўшы песню на роднай мове, Марыя Шамра ў пары з мужам Сяргеем, уразілі ўсіх дзіўным вытанчаным вальсам, Паліна Бычкоўская па майстэрску выканала ўсходні танец, стварыўшы дынамічны і эмацыйны творчы нумар. Удзельнікаў горача падтрымлівалі іх калегі. Зала літаральна гудзела ад гучных апладысментаў і падбадзёрвала ўдзельнікаў, якія пастараліся на славу! Канкурсанты адказвалі на гэта ўдзячнай усмешкай, бо многім з іх упершыню давялося публічна праявіць сябе на сцэне. Кожны адчуваў адказнасць за свой працоўны калектыў. Нягледзячы на хваляванне, родныя прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы яны прадставілі годна – усе нумары былі відовішчнымі і артыстычнымі.
Перамогу ў конкурсе атрымаў Мацвей Хрысталюбаў з ААТ “Беларуськалій”. Таксама спецыяльнымі прызамі ад раённага аддзялення Гомельскай вобласці Беларускай партыі “Белая русь”, грамадскіх арганізацый “Белая русь”, “Беларускі саюз жанчын” былі адзначаны ўсе ўдзельнікі.

Шэсць фіналістаў раённага этапа прадставяць Петрыкаўшчыну на абласным этапе.
Пажадаем землякам не проста ўдачы, а перамогі на абласным этапе!

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о