“Сухіх рукавоў,  выратавальнікі!”

Напярэдадні Дня пажарнай службы мы пагутарылі са старшым інструктарам-выратавальнікам пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 12 аграгарадка Ляскавічы Васілём Чырычам. Гутарка выйшла змястоўнай і цікавай – а як інакш, калі выратавальнік стаіць на варце бяспекі землякоў вось ужо 19 гадоў.

– Сам я мясцовы, скончыў першую гарадскую школу, потым ПТВ № 84 у горадзе Мазыры, пасля чаго быў прызваны на тэрміновую службу. Менавіта там у мяне з’явілася думка звязаць свой лёс са службай – мне падабалася дысцыпліна і парадак, вось толькі з сілавой структурай я канчаткова не вызначыўся. Пасля дэмабілізацыі выбіраў паміж пажарнай службай і міліцыяй і ўрэшце стаў выратавальнікам.

Са спартыўнай падрыхтоўкай праблем не было, яшчэ са школы я захапляўся футболам і іншымі відамі спорту. Вядома, ва унутраных войсках мы ўсе падтрымлівалі належную фізічную форму. Асаблівасцям выратавальнай работы мяне навучалі старэйшыя таварышы, асабліва Аляксандр Карпінскі і Аляксандр Мяшкоў, за што я ўдзячны ім і да гэтых дзён, – падзяліўся мужчына.

Першапачаткова Васіль Чырыч быў прызначаны на пасаду пажарнага, ці як кажуць паміж сабой выратавальнікі – байца. Праз паўгода стажыровачнай службы ў Петрыкаве і вучэбкі быў накіраваны ў Бабунічы камандзірам аддзялення.

Зараз для выратавальнікаў ва ўсіх сэнсах выслоўя, настаў гарачы час. Гэта і пастаянныя трэніроўкі па адпрацоўцы ліквідацыі пажараў, і дзяжурства на палетках у час жніва, бо петрыкаўскія выратавальнікі выпраўляюцца на дапамогу аграрыям нават у суседнія раёны. Акрамя таго, спякотнае надвор’е павышае верагоднасць узгарання ў лясных масівах. Таксама землякі выклікаюць службу «112», калі поруч пасяляюцца небяспечныя насякомыя, у прыватнасці — шэршні. Няспынна вядзецца тлумачальная і прафарыентацыйная работа, а яна, па перакананні выратавальніка, павінна быць змястоўнай і цікавай, каб атрыманыя веды надоўга засталіся ў памяці падрастаючага пакалення.

Другі год Васіль Аляксандравіч выконвае абавязкі начальніка паста аграгарадка Ляскавічы. Калектыў, па словах суразмоўцы, зладжаны, кожны ведае сваю справу. “На пасту нясе службу 10 чалавек, улічваючы мяне. Гэта тры змены па 3 чалавекі і падменны вадзіцель. Вядома, штодзень мы адточваем навыкі выратавання і ліквідацыі здарэнняў розных пазаштатных сітуацый – гэта адна з важных складаючых зладжанай работы ў камандзе. Што да атмасферы, то, вядома, заўсёды падтрымліваем адзін аднаго, не адмаўляем у парадах. За гады, што мы працуем разам, ужо склалася неабходнае паразуменне і дакладнае ўсведамленне задач”.

Дома Васіля чакаюць любячая жонка Галіна і трое дзетак – Аляксандр, які скончыў 9-ты клас, Настасся, скончыўшая 7-мы клас і Ганначка, якая наведвае дзіцячы садок. Па словах нашага героя, старэйшы сын задумваўся пра службу выратавальніка. “Але я тлумачу Сашы, што гэта выбар павінен быць па-першае свядомы, а па-другое, каб паступіць у нашу профільную навучальную ўстанову, трэба прыкласці немалыя намаганні: сябраваць са спортам, падцягнуць патрэбныя для здачы дысцыпліны і старанна вучыцца. Адметная гісторыя здарылася аднойчы і з Настассяй. Калі яна яшчэ хадзіла ў дзіцячы садок, мяне ўзнагародзілі памятным знакам “15 год органам і падраздзяленням, падначаленым МНС Беларусі”. Я, вядома, паказаў узнагароду маленькай, якая, відаць, была на столькі ўражаная выявай на знаку выратавальніка, які выносіць на руках дзіця, што непрыкметна для нас узяла ўзнагароду ў садок, дзе ўсім дзецям паказвала і дадавала: “Вось, гэта мой тата на медалі ратуе дзяўчынку”, – падзяліўся жыццёвай сітуацыяй Васіль Чырыч.

На пытанне: “Ці шчаслівы вы чалавек?”, – мужчына адказвае: “Так. У мяне ўсё цудоўна ў сям’і, поруч матуля і брат. Ведаеце, я адчуваю, што знаходжуся на сваім месцы і карысны для грамадства. Вядома, не абыходзіцца без цяжкасцяў, але знаходзяцца сілы і падтрымка, каб усё пераадольваць, ды і без перашкод, ці было б цікавае жыццё?! Самай кранальнай для майго сэрца ўзнагародай з’яўляецца простая падзяка людзей, калі зямляк шчыра, па-свойску цісне руку і часам не знаходзіць слоў. У такія моманты асабліва добра разумееш, дзеля чаго ты служыш”.

На развітанні Васіль Аляк-сандравіч пажадаў калегам моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту ў сем’ях. “Няхай усе планы здзяйсняюцца, усім сухіх рукавоў і спакойных сутак!”, – рэзюмаваў выратавальнік.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о