Кожны год 13 лютага адзначаецца Сусветны дзень радыё. З моманту свайго вынаходніцтва ў канцы XIX стагоддзя яно прайшло доўгі шлях развіцця: ад першых няўпэўненых сігналаў да сучасных лічбавых трансляцый.
У век, калі інфармацыя даступная па кліку мышы, а сацыяльныя сеткі стракацяць загалоўкамі, узнікае заканамернае пытанне: наколькі запатрабавана радыё сёння? Пра гэта – ў нашым сацапытанні.
Надзея АЗЁМША, жыхарка аграгарадка Кашэвічы:
– Я памятаю часы, калі радыё было сапраўдным сэрцам дома, асабліва ў сельскай мясцовасці. Ранішнія навіны, якія прыносілі весткі з усіх куткоў краіны, цёплыя віншаванні і любімая музыка – прыёмнік быў уключаны з раніцы і да самага вечара.
Час няўмольна рухаецца наперад. Сёння радыё перастала быць тым абавязковым атрыбутам, якім яно было калісьці. Але, на мой погляд, яго час не прайшоў і такі від інфармацыі працягвае заставацца актуальным, хоць і ў некалькі іншым фармаце. Калі раней яно было асноўным крыніцай навін, то сёння яго роля трансфармавалася. Для многіх яно стала не столькі галоўным інфармацыйным рупарам, колькі прыемным фонам, ненадакучлівым спадарожнікам у паўсядзённым жыцці.
Напрыклад, я слухаю радыё ў асноўным, калі займаюся хатнімі справамі. Добрая музыка, важная інфармацыя з розных галін жыццядзейнасці, цікавыя перадачы – усё гэта можна даведацца ўключыўшы прыёмнік. Нашы айчынныя дыктары гавораць так прыемна, што слухаць іх адно задавальненне. Але для тэрміновых навін я, вядома, гляджу тэлевізар ці заходжу ў інтэрнет.

Дзмітрый Марцынкевіч, жыхар вёскі Галубіца:
– Радыё – гэта мой пастаянны спадарожнік. Асабліва калі я за рулём, часцей за ўсё слухаю хвалю «Радиус-FM» (103.3 і 103.8). Гэта той момант, калі можна абстрагавацца ад мітусні і проста атрымаць асалоду ад музыкі, цікавай праграмы апошніх навін.
Калі заняты справай на вуліцы, заўсёды слухаю радыёстанцыю «Европа Плюс». Вельмі падабаецца рубрыка з летнімі хітамі – такія падборкі падымаюць настрой і зараджаюць на прадуктыўную працу!

Ганна Каліцька, жыхарка пасёлка Капаткевічы:
– Я слухаю радыё “Гомель-FM” – наша, рэгіянальнае. Лічу, што ў наш час радыё запатрабавана: у многіх маіх знаёмых радыётрансляцыі гучаць падчас актыўнага адпачынку, паездкі ў аўтамабілі.
Так, як па прафесіі я педагог, выкарыстоўваю радыётрансляцыі падчас працы з вучнямі. Калі мы ладзім майстэрні, калектыўна-творчыя справы, вырабляем нешта сваімі рукамі, часта ў нас гучыць радыё. Слухаем рэгіянальнае “Гомель-FM”: цікавы кантэнт, навіны, апытанні, музыка.
Добры выхаваўчы момант –далучэнне да сваёй культуры, знаёмства з навінамі вобласці і забаўляльны момант. Некаторыя моманты тут жа абмяркоўваем.
Такім чынам, радыё можа ўжо не так запатрабавана, як раней, але цікавасць да яго захоўваецца.
Святлана СОБАЛЕВА, Марыя ТАМКО, Надзея СІГАЙ, фота аўтараў.




