У свеце, дзе дабрыня і супрацоўніцтва становяцца ўсё больш каштоўнымі, валанцёры займаюць асаблівае месца: яны гатовы прыйсці на дапамогу ўсім, хто ў гэтым мае патрэбу.
Напярэдадні Міжнароднага дня валанцёра мы сустрэліся з валанцёрскім атрадам “Міласэрнасць”, які дзейнічае на базе ДУА “Курыціцкая сярэдняя школа”.
Валанцёрскі атрад “Міласэрнасць” быў створаны ў 2015 годзе, да гэтага на базе школы функцыянаваў цімураўскі атрад.
У гэтым навучальным годзе ў яго ўваходзяць 9 навучэнцаў 8-11 класаў. Увогуле, з 14 гадоў кожны жадаючы можа стаць членам каманды.
Як і ў любым калектыве, пэўныя абавязкі і арганізатарскія моманты бярэ на сябе адзін чалавек, як правіла, адказны і актыўны. Не выключэнне і валанцёрскі атрад “Міласэрнасць”, камандзірам якога з’яўляецца Дзмітрый Сізоў, вучань 11 класа.
Юлія Шуберт, педагог, які курыруе атрад добраахвотнікаў, расказала нам пра асноўныя яго накіраванні:
– распрацоўка і рэалізацыя розных праграм, акцый, праектаў;
– дапамога ветэранам, састарэлым і адзінока пражываючым людзям;
– распаўсюджванне буклетаў прафілактычнага характару;
– прапаганда здаровага ладу жыцця;
– прывядзенне ў належны стан тэрыторыі вёскі, царквы, школы, помнікаў;
– правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў сярод вучняў.
Валанцёрскі атрад “Міласэрнасць” прымае актыўны ўдзел у акцыях і праектах экалагічных, спартыўных, сацыяльных накірункаў, такіх як: “Дзеці-дзецям”, “Помнік”, “Клопаты”, “За справу”, “Не” курэнню”, “Спыніць СНІД – выканаць абяцанне”, “Чыстыя вуліцы аграгарадка – чысты раён”, “Мы за чысты школьны двор”, “Добрыя справы”.
Напярэдадні Новага года плануецца ўдзел у акцыях: “Нашы дзеці” і “Цуды на Каляды” – віншаванне дзяцей-сірот і прыёмных бацькоў, а таксама састарэлых людзей з навагоднімі святамі.
Сваімі думкамі наконт важнасці работы валанцёрскага атрада з намі падзялілася Юлія Шуберт:
– Валанцёрская работа садзейнічае развіццю навыкаў і ўменняў, напрыклад, уменню працаваць у калектыве, а таксама спачуванню і жаданню дапамагчы бліжняму. Валанцёрства – гэта дзейнасць, якая аб’ядноўвае добрыя ўчынкі і паказвае моцныя рысы асобы чалавека. Калі дзеці дапамагаюць іншым, яны могуць лепш зразумець сябе, свае каштоўнасці, інтарэсы і патэнцыял, бо валанцёрскае жыццё вучыць чалавека быць добрым, пры гэтым садзейнічае і паляпшэнню псіхалагічнага і эмацыйнага стану. Я станоўча адношуся да валанцёрскай дзейнасці і сама з’яўляюся валанцёрам атрада ГА БРСМ “Добрае сэрца”.
Сваімі эмоцыямі падзяліўся з намі і камандзір атрада “Міласэрнасць” Дзмітрый Сізоў:
– Быць валанцёрам – значыць прыносіць карысць грамадству. Дачыненне да вялікай і добрай справы ўплывае на самаадчуванне, павышае самаацэнку. Высакародная ідэя, пачуццё міласэрнасці, спачування, жаданне палепшыць якасць жыцця людзей – усё гэта адлюстроўвае прынцыпы і важнасць нашай дзейнасці.
Анастасія КІСЕЛЕВА.
Фота з архіва Курыціцкай сярэдняй школы.
Оставить комментарий