“Снежны дэсант” спяшаецца на дапамогу

0
114

Патрыятычны атрад “Нашчадкі” дапамагае расчышчаць двары адзінокім пенсіянерам у аграгарадку Курыцічы.

У першы дзень новай чвэрці школьнікі актыўна ўключыліся ў працу, узброіўшыся рыдлёўкамі і добрым настроем. Моцныя снегапады не толькі падарылі казачны жывапісны выгляд тэрыторыям, але і прынеслі нямала клопатаў землякам. Студзень з яго багатымі ападкамі стаў сапраўдным выпрабаваннем для тых, хто жыве ў прыватных дамах і мае патрэбу ў дапамозе. Падтрымаць старэйшае пакаленне прыходзяць юнакі і дзяўчаты з устаноў адукацыі. Рабяты не ўпершыню прымаюць удзел у падобных акцыях, і іх жаданне дапамагчы людзям выклікае захапленне.
Так, патрыятычны атрад Курыціцкай сярэдняй школы ў чарговы раз даказвае, што добрыя справы саграваюць сэрцы нават у самыя халодныя зімовыя дні.
На гэты раз «Нашчадкі» разам з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Наталляй Картыннік аказалі дапамогу Любові Рудаўскай, былому работніку Курыціцкай сярэдняй школы. Дружная брыгада аператыўна расчысціла падыходы каля дома, дарожкі і ўваходную групу.
– Мы разумеем, як складана пажылым людзям спраўляцца з такой колькасцю снегу, і рады прапанаваць сваю дапамогу. На самой справе цяпер гэта даволі важна, таму што сёлета выпала шмат снегу ў параўнанні з папярэднімі гадамі. Калі Наталля Аляксандраўна сказала, што трэба дапамагчы, ніхто нават не сумняваўся. Мы хутка сабраліся і паспяшаліся на дапамогу. Працавалі весела і дружна. Галоўнае – мы зрабілі добрую справу разам. Лічым, што такія ўчынкі вучаць нас адказнасці і клопату пра іншых. Мы вельмі хочам сваім прыкладам паказаць, што не толькі моладзь можа выйсці і дапамагчы службам, але і любы жыхар нашага раёна.
Таксама сёння мы далучыліся да акцыі па ўборцы снегу на тэрыторыі арганізацый і ўстаноў і расчысцілі тэрыторыю роднай школы. На нашу думку, гэта выказванне грамадзянскай пазіцыі, – дзеляцца члены атрада.
“Нашчадкі” – выдатны прыклад таго, як можна аб’яднацца дзеля добрай справы і дапамагчы бліжняму!

Марыя ТАМКО,
фота з архіва ўстановы адукацыі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о