Шчасце ў лічбах

0
41

Колькі ў першым паўгоддзі бягучага года на Петрыкаўшчыне нарадзілася немаўлят, ці шмат было зарэгістравана міжнародных шлюбаў, у якім узросце жаніліся, станавіліся бацькамі і разводзіліся – цікавымі лічбамі падзялілася начальнік аддзела ЗАГС Ганна Туравец.

Як вядома, усе найважнейшыя падзеі ў жыцці кожнага чалавека рэгіструюцца ў аддзеле ЗАГС: нараджэнне дзіцяці, заключэнне шлюбу, змяненне прозвішча, імя або імя па бацьку.
Разам з тым, як адзначыла ў час сустрэчы Ганна Іванаўна, аддзелам ЗАГС штомесяц праводзіцца пэўная работа па прапагандзе шлюбна-сямейнага заканадаўства, падрыхтоўцы моладзі да сямейнага жыцця, павышэнню прававой культуры насельніцтва. Так, у першым паўгоддзі былі арганізаваны выступленні і гутаркі ў працоўных калектывах, установах адукацыі і іншых арганізацыях, выступленні ў сродках масавай інфармацыі.

У каханні і вернасці
Каханню ўсе ўзросты падуладны, для яго няма ўзроставых абмежаванняў – ўпэўнена наша суразмоўца.
– На 1 студзеня 2025 года архіўны фонд аддзела ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама складае 32678 запісаў актаў аб рэгістрацыі шлюбу (з 1944 года па 2025). За кожным запісам схавана ўнікальная, непаўторная гісторыя сям’і, са сваімі шчаслівымі і трагічнымі момантамі, з праблемамі і клопатамі, са слязамі радасці на вачах і смутку. Сям’я – гэта маленькая дзяржава са сваімі жыхарамі і законамі, створаная на каханні і павазе, – пазначыла начальнік аддзела ЗАГС.
За шэсць месяцаў на Петрыкаўшчыне зарэгістравана 50 шлюбных саюзаў, 35 пар былі зарэгістраваны ў аддзеле ЗАГС райвыканкама. Хочацца адзначыць, што самым папулярным месяцам уступлення ў шлюб стаў красавік, за гэты месяц у аддзеле ЗАГС было зарэгістравана 7 пар.
Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб у нявест склаў 28 гадоў, у жаніхоў – 26.
Мінімальны ўзрост тых, хто пабраўся шлюбам у першым паўгоддзі бягучага года, для жаніха – 20, нявесты – 18 гадоў.
Максімальны ўзрост жаніха – 65, нявесты – 64 гады.

Каханне не ведае межаў
Цікава, што за справаздачны перыяд зарэгістравана тры міжнародныя саюзы: па адным з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, Украіны і Славацкай Рэспублікі.

У вас будзе дзіця
Нараджэнне дзіцяці – самая важная і чаканая падзея ў жыцці кожнай сям’і. Дзеці прыносяць у наша жыццё цяпло і пяшчоту, мора ўсмешак, радасці і шчасця.
Архіўны фонд аддзела ЗАГС захоўвае 65118 запісаў акта аб нараджэнні.
За 6 месяцаў у аддзеле ЗАГС зарэгістра-вана 37 дзяцей, яшчэ 32 дзіцяці зарэгістра-вана ў сельскіх населеных пунктах.Такім чынам, агульная колькасць немаўлят, народжаных у першым паўгоддзі, склала 69. Першае дзіця нарадзілася ў 23 сем’ях, другое – у 24, статус шматдзентых, дзякуючы нараджэнню 3-га дзіцяці, набылі 14 сем’яў. Яшчэ адзін прыемны факт: у Чалюшчавіцкім сельвыканкаме зарэгістраваны двайняты. Агульная колькасць народжаных хлопчыкаў у першым паўгоддзі склала 39, дзяўчынак – 30.

Што ў імені тваім?
Самыя распаўсюджаныя імёны, якое бацькі і родныя выбіралі для нованароджаных дзяўчынак – Вікторыя, Адэліна, Варвара і Ева.
У спіс незвычайных імёнаў трапілі Стэфанія і Алівія.
Самае распаўсюджанае мужчынскае імя – Аляксандр, на другім месцы Цімафей, а трэцяе месца падзялілі імёны Іван і Марк.

Новы статус – бацькі
Узрост самага маладога бацькі – 21 год, самага дарослага – 39. Самай маладой маці 17 гадоў, а самай дарослай – 37. Сярэдні ўзрост бацькі – 29 год, матулі – 27 гадоў.

Не сышліся характарамі
На жаль, не ўсе сямейныя пары змаглі захаваць шлюбны саюз – не толькі любові, але і расчараванням усе ўзросты падуладны. За 6 месяцаў было зарэгістравана 7 скасаваных шлюбаў (на тры менш, чым у мінулым годзе). Максімальная працягласць скасаванага шлюбу склала 21 год 5 месяцаў і 24 дні, а самае кароткае сямейнае жыццё доўжылася 10 месяцаў і 12 дзён.
Сярэдні ўзрост, у якім прымалася такое няпростае рашэнне, 36 гадоў для мужчыны і 39 для жанчыны. Мінімальны ўзрост – 25 і 26 гадоў адпаведна, а максімальны – 53 гады.
У завяршэнні размовы Ганна Іванаўна звярнула ўвагу на важнасць захавання сям’і, яе традыцый і каштоўнасцей:
– Калі ў вас ёсць сям’я – усё роўна поўная ці няпоўная, забяспечаная ці не вельмі, у асобнай кватэры вы пражываеце ці не – галоўнае, што яна ў вас ёсць. Шануйце і беражыце яе. Гэта ваша крэпасць ад бур і нягод сучаснага жыцця, якая можа, з аднаго боку, абараніць ад адмоўных уздзеянняў асяроддзя, а з другога – прыстасаваць да жыцця ў грамадстве. Шчасця вам і вашым сем’ям!

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о