Шчаслівыя разам

0
1197

У жыцці кожнага народа ёсць свае непарушныя асновы, святыні, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, фармуючы ідэнтычнасць і захоўваючы традыцыі. Для беларусаў такой святыняй, галоўнай каштоўнасцю, заўсёды была і застаецца сям’я.

Сёння мы хочам расказаць пра сям’ю Крысціны і Івана Клімчык, якая жыве ў вёсцы Брынёў.
Крысціна родам з вёскі Макарычы. Пасля заканчэння Лоеўскага педагагічнага каледжа па размеркаванні трапіла ў вёску Брынёў, дзе ў 2012 годзе пачала свой педагагічны шлях. Менавіта тут, у Брынёве, лёс звёў яе з будучым мужам Іванам. Праз год Іван зрабіў Крысціне прапанову, і 25 студзеня 2014 года яны ажаніліся. Іван успамінае гэта як каханне з першага погляду.

– Без ценю сумневаў адразу адчуў, што Крысціна – мая спадарожніца жыцця. Прыгожая дзяўчына, добрая, вясёлая, гаспадарлівая, – дзеліцца мужчына.
Праз год пасля вяселля на свет з’явілася іх першая дачка Вікторыя. Але Крысціна нядоўга заставалася ў дэкрэце.

Шчаслівыя разам

– Калі Вікулі споўніўся год і адзін месяц, я выйшла на працу на паўстаўкі, і паступіла ў Мазырскі педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна на хіміка-біялагічны факультэт. Гэта стала магчымым дзякуючы падтрымцы майго мужа і сям’і.
У 2018 годзе нарадзілася другая дачушка, Аляксандра, а ў 2020 годзе – трэцяя, Анастасія.
Крысціна – не толькі любячая жонка і клапатлівая матуля, але і выдатны настаўнік. Яе вучні дэманструюць значныя поспехі: ёсць дасягненні на конкурсах і ў алімпіядным руху, а таксама абласныя ўзнагароды. Іван працуе ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі» вадзіцелем па вывазу лесу.

– Наша старэйшая дачка Вікторыя з ранняга дзяцінства адрознівалася актыўнасцю. Ужо ў паўтара гады яна размаўляла, а з трох гадкоў захоплена вывучала азбуку. Разам з прабабуляй Любоўю Фёдараўнай яны садзіліся і чыталі, вывучалі новыя літары. Вікторыя брала раённую газету і перапісвала тэксты. У пяць гадоў яна ўжо свабодна чытала казкі самастойна, – распавядае Крысціна.

– Гэта вельмі справядлівая і дапытлівая дзяўчынка, уся ў бацьку! – працягвае размову Іван. – Летась Вікторыя паспрабавала сябе ў алімпіядным руху па беларускай мове і заняла першае месца ў раёне, а потым атрымала дыплом другой ступені на абласным узроўні. Яе талент быў адзначаны на ўзроўні райвыканкама,мне, як бацьку, вельмі прыемна назіраць за поспехамі сваіх дачушак. Аляксандра, другая дачка, пайшла ў першы клас і ва ўсім бярэ прыклад са старэйшай сястры. Яна такая ж актыўная і добрая дзяўчынка. Малодшая Насцюша ходзіць у дзіцячы садок, таксама вясёлая дзяўчынка, любіць спяваць і танчыць.

Шчаслівыя разам

– Шматдзетная сям’я – гэта вельмі добра. Не толькі весела ўсім, але і шмат падтрымкі. І калі вырастуць нашы дзяўчаты, мы не будзем адны, будзе заўсёды з кім пагаварыць па душах, – распавядае Крысціна.
У 2017 годзе сям’я купіла дом у Брынёве і сваімі рукамі пачала ў ім рамонт, як заўсёды дружна і разам. Муж з жонкай таксама вядуць вялікую хатнюю гаспадарку. У іх ёсць парасяты і трусы, а раней былі карова, гусі, індыкі. Агарод цалкам забяспечвае сям’ю гароднінай і садавінай, а паходы ў ягады і грыбы – гэта яшчэ адзін сямейны занятак. Штогод яны разам наведваюць музеі, цырк, аквапарк, адпраўляюцца на экскурсіі і падарожжа. Сёлета Крысціна і Іван адзначаць 12 гадоў сумеснага жыцця, яны працягваюць жыць па прынцыпе “ўсё робім дружна, разам і падтрымліваем адзін аднаго ва ўсім”.

Сям’я Клімчык будуе сваё шчасце на каханні, узаемаразуменні і працавітасці, уносячы свой уклад у дабрабыт і росквіт беларускай зямлі.

Марыя ТАМКО,
фота з сямейнага архіва.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о