Ведаеце, як бывае: гаворыш з чалавекам – і адразу з’яўляецца ўсмешка на твары. Так было ў мяне пры знаёмстве з гераіняй.
Ірына Рамашэўская – мама траіх прыгожых і таленавітых дзяцей: Цімура, Ганначкі і Юлькі. Я папрасіла яе аб інтэрв’ю і адразу атрымала згоду. Якая нагода спытаеце вы? Усё проста – Міжнародны дзень сям’і. У сённяшнім артыкуле – таленавітая, энергічная і дружная сям’я Ірыны і Васіля Рамашэўскіх.
З гэтай моцнай і гасціннай сямейнай парай карэспандэнт газеты сустрэлася ў прахалодны майскі дзень, але цяпло, якое выпраменьвае сямейная пара, сагравае ўсіх вакол.
– У далёкім 2005 годзе мы пазнаёміліся з мужам, а дакладней – пазнаёміла нас мая сяброўка. Выбудоўвалі адносіны доўга – сем гадоў. У 2012 годзе 1 верасня мы пажаніліся. Вось так і пачалася гісторыя нашай сям’і. У верасні 2014 года ў нас з’явіўся першынец, сынок Цімур, – дзеліцца ўспамінамі Ірына.
Шматдзетная маці заўсёды марыла пра вялікую сям’ю, але ўсталёўваць нейкія шаблоны і каноны Ірына не бярэцца:
– Можна быць шчаслівым, маючы шматдзетную сям’ю, а можна, нарадзіўшы адно дзіця. У кожнага свой шлях, нельга яго навязваць іншым.
Васіль, у сваю чаргу, кажа пра важнасць адносін у сям’і: «Мы заўсёды стараемся абмяркоўваць усё, што адбываецца ў жыцці кожнага з нас. Гэта дапамагае дзецям адчуваць сябе пачутымі і важнымі. Мы вучым іх дзяліцца сваімі перажываннямі і радасцямі.”
– Нашы дзеткі абсалютна розныя. Цімур пяшчотны і ўважлівы хлопчык, Ганна знешне вельмі ўпартая і валявая, але на самой справе ранімая. Ну а Юлька – Юлька маленькі камандзір, як мы гаворым – будучы галоўны бухгалтар! Усім раздае каманды, – з усмешкай адзначае Васіль.
Ірына і Васіль разам пабудавалі свой дом – дакладней перабудавалі былы дом бабулі і дзядулі.
– У нас ёсць правіла: у доме працуюць усе, хто ў ім жыве. Дзеці дапамагаюць прыбіраць у пакоях, маюцьі іншыя абавязкі. З мужам мы не дзелім працу па хаце на «гэта толькі праца для мужчын, гэта для жанчын». У гэтым плане ў нас поўнае паразуменне – як я магу цвік забіць, так і муж можа абед прыгатаваць. У каго дазваляе час, той і робіць, – распавядае Ірына.
– Традыцыйна адзначаем усе святы ў коле сям’і з бабулямі, дзядулямі, дзядзькамі і цёткамі, а яшчэ кожныя зімовыя канікулы мы ездзім у цырк са старэйшымі дзецьмі – увага мамы толькі ім у гэты момант, для іх неацэнная. Сумяшчэнне працы і паўнацэнная аддача дзецям і мужу – гэта самая вялікая цяжкасць у маім жыцці. Хочацца паспець надаць увагу дзецям і мужу, але і самарэалізацыя ў прафесійным плане для мяне вельмі важная. Дзякуй мужу – ён заўсёды з разуменнем ставіцца да маёй працы (змірыўся, напэўна) і дапамагае ва ўсім, – з цеплынёй расказвае шматдзетная матуля.
Бацькі з задавальненнем дапамагаюць дзецям развіваць свае таленты.
Цімур іграе на баяне і вельмі любіць шахматы. Ганна спявае, іграе на піяніна, гэтак жа нядаўна стала займацца футболам, любіць маляваць. Малодшая Юлька – любіць усё, што любяць старэйшыя.
Васіль і Ірына дзеляцца: “галоўныя ў нашай сям’і – дзеці. Усё круціцца вакол іх – свае інтарэсы і жаданні падладжваюцца пад іх. Галоўнае любіць сваіх дзяцей. Але і пра сябе не забываць!”
Сям’я і сямейныя каштоўнасці – гэта найважнейшы падмурак, на якім будуецца жыццё любога чалавека. Дружныя сем’і – гэта залог стабільнай і квітнеючай Беларусі. Таму так важна надаваць увагу сямейным адносінам, беражліва захоўваць традыцыі і ствараць атмасферу любові, узаемаразумення і падтрымкі ў сваім доме.
Марыя ТАМКО, фота з
сямейнага архіва герояў.
Оставить комментарий