З пачатку года на дарогах Гомельскай вобласці зарэгістравана 8 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 1 чалавек загінуў і 9 з траўмамі рознай ступені цяжкасці былі шпіталізаваны.
Лічбы статыстыкі загінуўшых і параненых у ДТЗ людзей, упэўнены праваахоўнікі, маглі б быць значна меншымі, калі б вадзіцелі і пасажыры не адмаўляліся ад выкарыстання рамянёў бяспекі.
У сувязі з гэтым, у перыяд з 19 па 23 студзеня бягучага года, Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць прафілактычнае мерапрыемства “Прышпілі сябе і сваіх пасажыраў!”, накіраванае на папярэджанне траўміравання грамадзян у выніку ДТЗ, з прычыны невыкарыстання рамянёў бяспекі, а таксама прапаганду іх выкарыстання.
– Згодна з пунктам 9.5 ПДР, дапускаецца не прышпільвацца рамянём бяспекі толькі: асобам, якія навучаюць кіраванню механічным транспартным сродкам, калі ім кіруе вучань (сам ён павінен быць прышпілены); пасажырам аўтамабіля аператыўнага прызначэння; вадзіцелям аўтамабіля-таксі падчас руху ў населеным пункце і перавозкі пасажыра; а таксама пасажырам і вадзіцелям з медыцынскімі супрацьпаказаннямі, пералік якіх вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя. Што да пасажыраў, то, згодна пункта 23.2 ПДР, ён абавязкова павінен быць прышпілены пры руху ў механічным транспартным сродку, абсталяваным рамянямі бяспекі, а пры паездцы на матацыкле, мапедзе – быць у зашпіленым моташлеме, – нагадаў часова выконваючы абавязкі начальніка АДАІ Аляксандр Губар.
У іншых выпадках, як зазначыў праваахоўнік, пры кіраванні транспартным сродкам вадзіцелем, не прышпіленым рамянём бяспекі, а таксама пры перавозцы пасажыраў, якія не прышпілены рамянямі бяспекі, калі канструкцыяй транспартнага сродку прадугледжаны рамяні бяспекі, надыходзіць адміністрацыйная адказнасць згодна з дзеючым заканадаўствам у выглядзе накладання штрафу ў памеры да 1 базавай велічыні. Пры паўторным парушэнні вышэйназваных норм на працягу года штраф складзе ад 2 да 5 базавых велічынь.
Выкарыстанне рамянёў бяспекі – гэта самы просты спосаб палепшыць сваю бяспеку ў любым транспартным сродку як для кіроўцаў, так і для пасажыраў. Акрамя таго, важна памятаць, што выкарыстанне рамянёў бяспекі абавязкова як на пярэдніх, так і на задніх сядзеннях усіх транспартных сродкаў, абсталяваных імі.
Запісала Галіна КАЗАК.








Оставить комментарий