Апошнім часам тэма аплаты жыллёва-камунальных паслуг выклікае нямала дыскусій.

І гэта невыпадкова, бо гаворка ідзе пра надзённыя пытанні, якія тычацца кожнага з нас. Так, асеннія “жыроўкі” выклікалі пытанні ў некаторых беларусаў, у тым ліку і ў жыхароў Петрыкаўшчыны. Адзін з такіх – мой стары знаёмы, які па сённяшні дзень знаходзіцца ў здзіўленні ад сумы квітанцыі за лістапад. Дзеліцца, што прапісаны ў “аднушцы”, але ваду, газ і электрычнасць практычна не выкарыстоўвае, бо мае прыватны дом у межах горада, у якім і пражывае з сям’ёй. Размовы пра павышэнне камуналкі з пачаткам ацяпляльнага сезона даводзілася чуць і ад іншых землякоў. Вырашыла з дадзеным пытаннем разабрацца “на месцы” і наведала разлікова-даведачны цэнтр Петрыкаўскага райжылкамгаса.
Як аказалася, “жыроўкі” “пацяжэлі” не толькі ў сувязі з пачаткам ацяпляльнага сезона, як думаюць многія, але і з кардынальным змяненнем падыходу да разлікаў для пэўнай катэгорыі грамадзян. З 1 кастрычніка змянілася аплата камуналкі для асоб, не занятых у эканоміцы краіны.
Начальнік Цэнтра Алена Лявоненка адзначыла, што ключавое змяненне тычыцца разліку платы за цеплазабеспячэнне, ацяпленне, падагрэў вады, газазабеспячэнне.
Калі раней непрацуючы грамадзянін быў зарэгістраваны ў сваёй кватэры ці прыватным доме і пражываў там не адзін, павышаныя тарыфы прымяняліся толькі да яго долі ў агульным аб’ёме паслуг.

“З кастрычніка бягучага года, калі грамадзянін уключаны ў спіс не занятых у эканоміцы і з’яўляецца ўласнікам жылля, эканамічна абгрунтаваныя тарыфы прымяняюцца да ўсіх жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ў яго ўласнасці і на ўвесь аб’ём цеплавой энергіі. Ільготная частка, якая раней размяркоўвалася паміж пражываючымі, цяпер выключана”.

Простымі словамі, новая рэальнасць такая: выдаткі на цеплаэнергію, падагрэў вады, ацяпленне ў непрацуючага чалавека на ўсё яго наяўнае жыллё прыкладна ў пяць разоў большыя, чым калі б ён быў працаўладкаваны.
Алена Іванаўна адзначыла, на што яшчэ варта звярнуць увагу землякам. Бывае, што ўласнік жылога фонду, які з’яўляецца працаўладкаваным, заключыў дагавор арэнды памяшкання, дзе ўказаў, што камунальныя плацяжы будзе пакрываць кватарант. Калі чалавек, які “здымае” памяшканне – непрацуючы, то “камуналку” ён будзе плаціць па тарыфах забяспечваючых поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат.
Пастановай Савета Міністраў № 465 ад 27 жніўня з мэтай вызначэння дадатковых мер па ўцягванні грамадзян не занятых у эканоміцы ў працоўную дзейнасць, зменены падыходы да налічэння ім платы за асобныя жыллёва-камунальныя паслугі.

Без сумнння, асноўная мэта новаўвядзенняў – стварэнне справядлівай сістэмы аплаты ў жыллёва-камунальнай сферы. І на мой погляд, гэта абсалютна правільны і неабходны падыход. Мой знаёмы, якога здзівілі лічбы ў квітанцыі, больш за дзесяць гадоў не заняты ў эканоміцы. Жыць і працаваць па-за рамкамі традыцыйнай занятасці – гэта яго выбар і асабістая справа. Аднак, як чалавек, які добрасумленна працуе, плаціць падаткі і здзяйсняе адлічэнні ў фонды, я лічу, што сумленныя працаўнікі павінны мець пэўныя перавагі. А калі ў тых, хто выбраў працаваць “на сябе”, узнікае незадаволенасць такім падыходам, можна параіць: трапіць у спіс працуючых грама-дзян ніколі не позна.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о