Праліць святло…

0
111

Вясной бягучага года карэспандэнты раённага выдання падымалі пытанне непрыгляднага знешняга выгляду драўляных скульптур, што знаходзяцца бліз дома № 9 па вуліцы Розы Люксембург. Мясцовы камунгас хутка выправіў сітуацыю: архітэктурныя формы былі ярка пафарбаваны і набылі “другое жыццё”. Гэты факт не застаўся незаўважаным з боку жыхароў, якія адзначылі: пасля праведзеных работ месца стала прывабным для людзей розных узростаў.
Але не выпаў з поля зроку гараджан і непрыглядны момант уздоўж зоны адпачынку – тры брудныя вулічныя ліхтары. З просьбай пасадзейнічаць у вырашэнні пытання неабыякавыя жыхары і патэлефанавалі ў рэдакцыю. Выехаўшы на месца, супрацоўнікі раённага выдання ўпэўніліся: агучаныя факты патрабуюць неадкладнага рэагавання з боку адказных службаў. Што адметна, бруд на ліхтарах размешчаны не знутры, а звонку, напэўна, ад ападкаў, якія “зліваюцца” на іх з дрэў. Сітуацыя настолькі выйшла з-пад людской увагі, што, гледзячы на асвятляльныя прыборы, цяжка зразумець, які іх сапраўдны колер.
Адрасуем пытанне адпаведным службам і будзем чакаць станоўчых змен у дадзеным пытанні. Патрэбна давесці да канца пачатую справу па добраўпарадкаванні гэтага ўтульнага месца.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о