Прафесія для душы

0
2142

Вельмі прыемна сустракаць людзей, чые вочы гараць шчырай любоўю да сваёй справы. З Кацярынай Чыжык мы пазнаёміліся сёлета на дабрачыннай акцыі “Дай лесу новае жыццё”, а пазней сустрэліся і на Форуме маладых спецыялістаў. Яе энергія, адкрытасць і ясны погляд на жыццё прывабліваюць.

Кацярына – малады спецыяліст, ініцыятыўная і прамяністая мінчанка, якая знайшла сваё прызванне ў жамчужыне Палесся, аграгарадку Ляскавічы.
Гераіня артыкула – ураджэнка горада Мінска. Дзяўчына вырасла ў сям’і, дзе шануюць працу: бацька, Васілій Іванавіч – токар, маці, Аксана Мікалаеўна – хімік-тэхнолаг.

Старэйшая сястра Анастасія – біёлаг-аналітык, стала прыкладам для Кацярыны і накіравала яе цікавасць да прыродазнаўчых навук. Скончыўшы сталічную школу №140 з выдатным сярэднім балам, дзяўчына ўжо разумела: яе прафесія будзе звязана з хіміяй і біялогіяй. Але вырашальным у выбары прафесіі стала знаёмства з ландшафтным праектаваннем на падрыхтоўчых курсах.

– Я зразумела, што гэта маё, – дзеліцца Кацярына. – Лічу, што гэтая прафесія ад людзей і для людзей. Ты ствараеш прыгажосць і камфорт, клапоцішся пра прыроду. Усё гэта пра стварэнне, – разважае суразмоўца.
Дзяўчына паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Садова-паркавае будаўніцтва і ландшафтнае праектаванне”.

– Прызнаюся шчыра, вучыцца было няпроста, але цікава: дыплом з балам 8.3 – таму пацвярджэнне.
Далей маладога спецыялыста чакаў смелы крок: пераезд са сталіцы ў аграгарадок Ляскавічы.

– На размеркаванні былі варыянты ў Мінску, але мяне зацікавіла вакансія ў нацыянальным парку “Прыпяцкі”. Ведаеце, захацелася быць бліжэй да прыроды. Ды і праца ў нацпарку, пагадзіцеся, гучыць прэстыжна і перспектыўна, – тлумачыць свой выбар малады спецыяліст. – Я адзіная з групы пераехала з Мінска і ніколькі не шкадую. Ад вялікага горада часам хочацца адпачыць.
Для пражывання ёй выдзелілі пакой у блокавым доме.

– Жыву з дзвюма суседкамі, з якімі адразу пасябравала. Плата сімвалічная. Толькі пакуль яшчэ прывыкаю ацяпляць памяшканне дровамі. Для гарадской жыхаркі – справа нязвыклая, але гэта ўжо мясцовы каларыт, – з усмешкай адзначае Кацярына.
У Нацыянальным парку Кацярына працуе інжынерам па азеляненні. Яе задача – распрацоўка праектаў догляду за зялёнымі насаджэннямі і стварэнне дэкаратыўных кампазіцый.

– Канешне, пакуль мой уклад – гэта дапамога ў бягучых справах: закупка кветак, пасадка дрэў. Але некалькі маіх праектаў па азеляненні ўжо атрымалі адабрэнне кіраўніцтва. Спадзяюся, што ў хуткім часе праекты будуць рэалізаваны, – распавядае інжынер.
На пытанне як прыняў калектыў маладую дзяўчыну, суразмоўца адказала так:

– Калегі прынялі мяне вельмі добра. У гэтым годзе ў Нацыянальны парк прыехала шмат маладых спецыялістаў, так што знайсці сяброў было лёгка і сярод навічкоў, і сярод вопытных калег.
Нават у вольны час мая гераіня не сядзіць без справы. Яе хобі – рукадзелле: маляванне, вышыўка, стварэнне розных вырабаў. А пасля пераезду адкрыўся яшчэ адзін талент – кулінарны.

– Пасля пераезда пачала захапляцца гатаваннем ежы. Кажуць, добра атрымліваецца, – сціпла прызнаецца яна. – Гатую для сябе, суседак, часам частую калег.
Менавіта на такіх ініцыятыўных, працавітых і светлых маладых людзях трымаецца будучыня нашай краіны. Жадаем Кацярыне, каб усе праекты здзейсніліся, а праца заўсёды прыносіла радасць!

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о