Погляд у мінулае і крок у будучыню

0
90

Погляд у мінулае і крок у будучыню

Прадстаўнікі Петрыкаўскага раёна прынялі ўдзел у дыялогавай пляцоўцы “Шлях даўжынёю ў 40 гадоў”, якая прайшла ў абласным цэнтры.

У красавіку 2026 года споўніцца 40 гадоў з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС. За гэты час у краіне рэалізавана 6 Дзяржаўных праграм. Першыя з іх былі накіраваны на рэабілітацыю пацярпелых тэрыторый. Для людзей пабудавалі жыллё і прадаставілі неабходную інфраструктуру. З 2011 года адбыўся плаўны пераход ад рэабілітацыі да сацыяльна-эканамічнага адраджэння гэтых тэрыторый.
Спікерамі дыялогавай пляцоўкі выступілі намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Жанна Чарняўская і дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, доктар медыцынскіх навук Аляксандр Ражко. Удзельнікамі дыялогу сталі прадстаўнікі студэнцкай і працоўнай моладзі, мала-дзёжных саветаў пры Гомельскім абласным і раённых Саветаў дэпутатаў, прамысловых прадпрыемстваў і ўстаноў, грамадскіх арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі.
Абазначаючы тэму дыялогавай пляцоўкі, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў падкрэсліў, што пасля аварыі краіна не толькі выстаяла, але і працягвае ўпэўнена развівацца:
– Беларусь дэманструе прыклад стойкасці і прагрэсу. Мы не толькі пераадольваем наступствы аварыі, але і распрацоўваем стратэгію далейшага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, робячы іх прывабнымі для жыцця і працы.
Жанна Чарняўская падкрэсліла, што жыхары пацярпелых раёнаў праявілі неверагодную сілу духу, не пакінуўшы родныя землі, а працягваючы працаваць і будаваць будучыню на сваёй зямлі.
Аляксандр Ражко акцэнтаваў увагу на прыярытэце здароўя і дабрабыту чалавека, адзначыўшы ўсебаковую падтрымку, што аказваецца дзяржавай у вырашэнні праблем:
– Сёння можам з гонарам сказаць аб тым, што сістэма аховы здароўя не падвяла. Мы справіліся з асноўнымі задачамі, якія стаялі перад намі, мы развіваем напрамкі, якія запатрабаваны ў рэспубліцы.
У рэгіёне актыўна развіваецца сістэма аховы здароўя, якая забяспечвае доступ да перадавой дыягностыкі і лячэння, уключаючы ранняе выяўленне захворванняў. Устаноўка сучаснага абсталявання, дазваляе праводзіць высокадакладныя даследаванні.
Важна адзначыць, што ў раёнах актыўна вядзецца будаўніцтва жылля, сельскагаспадарчых аб’ектаў і іншых значных інфраструктурных праектаў.
Назіраецца ўстойлівая станоўчая дынаміка ў сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёну, што сведчыць пра эфектыўнасць прымаемых мер.
У ходзе дыялогавай пляцоўкі ўдзельнікі абмеркавалі актуальныя пытанні развіцця медыцыны, вытворчасці, сельскай гаспадаркі на пацярпелых тэрыторыях, а таксама дзяржаўныя і іншыя меры па ўдасканаленні сістэмы забеспячэння бяспекі насельніцтва, у тым ліку ў плане радыяцыйнай абароны.

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о