На мінулым тыдні ў раённым Доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства напярэдадні Дня работнікаў лесу.
Першай павіншавала пра-цаўнікоў лесаахоўнай галіны намеснік старшыні райвыканкама Аляксандра Янчанкава. “Лесавод – гэта высакародная і пачэсная прафесія, прадстаўнікі якой захоўваюць для наступных пакаленняў сапраўдны прыродны скарб нашай краіны. Работа патрабуе ад вас пільнасці, адданасці, цярплівасці, таму жадаю вам моцнага здароўя, невычарпальнай жыццёвай энергіі, скарэння новых вытворчых вяршыняў, асабістага шчасця і дабрабыту”, – адзначыла Аляксандра Міхайлаўна.
Таксама з цёплымі словамі да калег звярнуўся дырэктар Петрыкаўскага лясгаса Іван Торчык. “Мне прыемна адзначыць, што пры розных складанасцях мы сустракаем прафесійнае свята з годнымі вынікамі, выканаўшы ўсе даведзеныя вытворчыя і сацыяльна-эканамічныя паказчыкі.
За 8 месяцаў калектывам праведзена лесааднаўленчых работ на плошчы больш за 400 гектараў, што перавышае даведзены паказчык на 11 %. Акрамя гэтага, нашыя супрацоўнікі не дапусцілі сур’ёзных узгаранняў на тэрыторыі ляснога фонду Петрыкаўшчыны.
Мы істотна ўзмацнілі работу з рынкамі збыта, а прыбытак ад рэалізацыі нашай прадукцыі перавысіў прагнозны паказчык у 4,8 разоў, рэнтабельнасць рэалізуемай прадукцыі склала 24 %. Нашыя людзі дапамагаюць калегам у суседніх раёнах, якія больш пацярпелі ад наступстваў ураганных вятроў і распрацавалі больш за 110 гектараў тэрыторый, дзе раней знаходзіліся бураломы”, – паведаміў Іван Мікалаевіч.
Далей, Аляксандра Янчанкава, Іван Торчык і старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер узнагародзілі лепшых працаўнікоў лесагаспадарчай галіны раёна. Супрацоўнікі лесаахоўнай службы атрымалі Ганаровыя граматы і Падзякі ад Міністэрства лясной гаспадаркі, райвыканкама, райсавета дэпутатаў і Петрыкаўскага лясгасу. Чатыры працаўнікі атрымалі нагрудныя знакі “10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”, 7 іх калег атрымалі адпаведныя знакі з нагоды 20-годдзя бездакорнай службы.
Мерапрыемства працягнулася канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі для землякоў артысты раённага Дома культуры.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий