У 2026 годзе ўсе погляды скіраваны на прыгожую палову нашага грамадства – на жанчын. І, невыпадкова, што да Дня беларускай навукі, які адзначаецца 25 студзеня, гераіняй нашага аповеду стала цудоўная дзяўчына, малодшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, Паліна Кавалевіч.
Мы з вамі ў жыцці часта адмахваемся ад розных назойлівых, асабліва крылатых, насякомых, а маладая навуковец іх вывучае, Паліна займаецца энтамалогіяй.Як паведаміла суразмоўца, насякомыя бываюць розныя: карысныя для расліннага свету ці наадварот шкоднікі, а сустракаюцца і чырванакніжныя. Галоўная задача вучонага – знайсці насякомых-насельнікаў, вызначыць іх ролю ў біятопе (шкодныя, карысныя) і даць рэкамендацыі, як працаваць супрацоўнікам-прыродаахоўцам.
– Для таго, каб вызначыць, якія насякомыя маюцца ў пэўнай мясцовасці, іх патрэбна знайсці і злавіць. Для гэтага энтамолаг выкарыстоўвае рознага роду пасткі, у якія дадаюць спецыяльныя пахучыя рэчывы для прываблівання, – дзеліцца спецыяліст.
А пасля адлоўленыя экзэмпляры вывучаюць пад бінакулярам (прыбор, які нагадвае мікраскоп, але з меншым павелічэннем), апісваюць яго, адносяць да пэўнага віду, сямейства.
Дзяўчына дадае, што пастаяннага энтамолага ў прыродаахоўчай установе раней не было, таму працы хапае.
Прыступіўшы да працы ў жніўні 2025 года, перш-наперш Паліна займалася вывучэннем жужаліцы – вялікага сямейства наглебавых насякомых, якія могуць знішчаць насякомых-шкоднікаў.
Зараз у цэнтры яе навуковай увагі дубовы вусач – гэта шкоднік, але гэты від занесены ў Чырвоную кнігу. Ён быў выяўлены на тэрыторыі парка. Гэта даволі вялікі па памерах для насякомага прадстаўнік фауны і знайсці яго не цяжка – яго добры апетыт пакідае прыгожыя і замыславатыя ўзоры на кары дубоў. Цяпер навуковаму аддзелу патрэбна вырашыць два пытанні: як захаваць чырвонакніжнае насекомае і не даць яму размножыцца ў такой колькасці, каб не пашкодзіць пойменным дубровам.
Праца энтамолага вельмі цікавая і захапляючпя, рознабаковая, дзяўчыне вельмі падабаецца займацца навукай. У перспектыве Паліна плануе паступіць у магістратуру, нават абрала ўжо сабе навуковага кіраўніка.
Дзяўчына сама з Палесся, вырасла ў гарадскім пасёлку Акцябрскі. Спачатку Паліне падабалася матэматыка, але з прыходам новай настаўніцы біялогіі – захапілася гэтай навукай. Яна не проста цікавілася прадметам, але і была ўдзельніцай алімпіяднага руху па біялогіі, неаднаразова займала прызавыя месцы на раённым і абласным ўзроўні. Пасля школы Паліна не вагалася, а пайшла вучыцца ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны на біялагічны факультэт.
Калі студэнтка была на чацвёртым курсе, да іх у навучальную установу завітаў Андрэй Аляксандравіч Бяспалы. І так цудоўна ён распавядаў пра ўмовы працы, навуковыя магчымасці і перспектывы працы ў Нацыянальным парку “Прыпяцкі”, што Паліна вырашыла, што пойдзе працаваць толькі туды. І ніколькі не пашкадавала пра свой выбар.
Паліна Кавалевіч у новым калектыве паспрабавала і свае творчыя магчымасці – яна выконвала ролю ўнучкі Палескага Зюзі: разам з казачнымі героямі сустракала гасцей, ладзіла для іх конкурсы і забавы і нават размалёўвала салодкія пернікі.
Напрыканцы нашай размовы Паліна канстатавала:
– Цікавая работа, камфортны быт, цудоўны калектыў і перспектыва асабістага і навуковага росту дазваляюць працаваць з добрай аддачай і планаваць сваю навуковую будучыню ў нацыянальным парку “Прыпяцкі”.
Як бачым, будучыня ў беларускай біялагічнай навукі цудоўная – мэтанакіраваная, дзейсная і, у тым ліку, жаночая!
Надзея СІГАЙ.
Фота з архіву нацпарку.








Оставить комментарий