Участак па забеспячэнні палівам, як структурнае падраздзяленне, увайшоў у склад ДП “Петрыкаўскі райжылкамгас” некалькі гадоў таму пасля рэарганізацыі ў Гомельскай вобласці Гартопаў.
Напярэдадні прафесійнага свята мы пацікавіліся ў начальніка ўчастка Ігара Мароза, чым жыве структурная адзінка, якія задачы выконвае і якія перспектывы малюе.
– Асноўная задача нашага ўчастка – забеспячэнне насельніцтва раёна цвёрдым палівам, і з ёй мы паспяхова спраўляемся. У максімальна кароткія тэрміны з моманту заключэння дагавора пастаўляем землякам колатыя дровы, мятроўкі, адпускаем драўніну і даўгамерам. Аказваем паслугі і па дастаўцы торфабрыкету. Дагавор на аказанне гэтай паслугі ў нас заключаны з Жыткавіцкім торфабрыкетным заводам. Заказы спажыўцоў задавальняюцца на працягу 30 працоўных дзён, а землякі, якія маюць права на льготу, абслугоўваюцца за 15 працоўных дзён з моманту наступлення тэрміну чарговасці.
Гэты аб’ем работы забяспечваецца 30-ццю работнікамі ўчастка. Адным словам, калектыў наш працуе на задавальненне ў поўным аб’ёме патрэб насельніцтва. За 2024 год насельніцтву адпушчана 4536 метраў кубічных перапрацаванай драўніны, у папярэднім справаздачным годзе – 4423. Як бачыце, нягледзячы на падключэнне жылых дамоў да газавага і электрычнага ацяплення, кліентаў менш у нас не становіцца. І гэта не можа не радаваць, – распавёў у час сустрэчы начальнік участка Ігар Мароз.
12 чалавек з ліку работнікаў займаюцца нарыхтоўкай дроў для 22 кацельняў раёна. Работа гэта даволі адказная, таму што неабходна забяспечыць іх бесперабойную работу, аднак і з ёй калектыў участка спраўляецца. – Стараемся ў сезон увайсці з добрым запасам цвёрдага паліва, каб не даводзілася качагарам перакідваць сырую драўніну, а людзям мерзнуць. Варта і землякам улічваць, што свежыя дровы, нарыхтаваныя ўвосень, да зімы не паспяваюць прасыхаць. Са свайго боку мы заўсёды раім насельніцтву рыхтавацца да зімы загадзя.
Аднак, усё роўна ёсць катэгорыя, якая ўспамінае пра дровы толькі з надыходам першых маразоў.
І тут часта, на жаль, даводзіцца чуць: не гараць. Шмат хто ў такіх выпадках цягне дровы ў хату і складзіруе іх на печы ці ў прыпечку, каб падсушыць на заўтра. Чым парушаюць правілы супрацьпажарнай бяспекі. Да чаго гэта прыводзіць, штогод нагадваюць “чырвоныя пеўні”. Карацей кажучы, гаворка ідзе пра тое, што не варта грэбаваць народнай мудрасцю: рыхтуй сані ўлетку, а воз зімой. Бо не проста так яе прыдумалі. Тым больш што і сані, і калёсы падгоняць проста да дома ледзь ці не па першым патрабаванні.
Спектар паслуг участка не абмяжоўваецца толькі забеспячэннем насельніцтва і кацельняў раёна цвёрдым палівам, прадпрыемства актыўна прапануе свае тавары і паслугі па вытворчасці сталярных вырабаў.
– На нашым сталярным цэху можна заказаць вокны, дзверы і іншыя вырабы.
Ёсць у нас і свая піларама, на якой мы круглы лес пілуем на дошку. У большасці выпадкаў піларама працуе на задавальненне ўласных патрэб, аднак рэшткі прадукцыі мы таксама прадаем насельніцтву.
Займаецца наш участак і такой запатрабаванай тэмай як абрэзка і выдаленне аварыйных дрэў. У год добраўпарадкавання навядзенне парадку на вуліцах і прыватных падворках павінна стаць справай гонару кожнага жыхара Петрыкаўшчыны. А як іначай: дом, у якім жывем, варта ўтрымліваць у належным стане.
Напярэдадні прафесійнага свята адрасую найлепшыя пажаданні ўсім работнікам сферы абслугоўвання і ЖКГ. Няхай работа прыносіць задавальненне, а дома чакаюць любячыя людзі, рэзюмаваў Ігар Міхайлавіч.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий