На гэтым тыдні актавая зала другой гарадской школы сабрала трэцякласнікаў устаноў адукацыі раёна, якіх адрознівае неардынарнасць мыслення і здольнасць даваць бліскучыя адказы. Тут прайшоў раённы этап абласнога інтэлектуальнага конкурсу “ДзетКІ”- 2026.
У яркім мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі шасці каманд:
– “Нашчадкі Архімеда” – сярэдняя школа №2 горада Петрыкава; “Зорачкі дабра” – Мышанская сярэдняя школа; “Зорачкі” – гімназія горада Петрыкава; “Усезнайкі” – Капаткевіцкая сярэдняя школа, “Кропелькі” – сярэдняя школа № 1 г. Петрыкава; «Разумнікі» – Ляскавіцкая сярэдняя школа.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася метадыст Петрыкаўскага раённага навучальна-метадычнага кабінета Алена Слязь.
Жадаючы стаць першымі, хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстравалі свае інтэлектуальныя і творчыя здольнасці. Яны прэзентавалі візітныя карткі, а ў другім этапе выконвалі заданні па вучэбных прадметах: “Матэматыка”, “Літаратурнае чытанне”, “Беларуская мова” і “Чалавек і свет”. А так як канкурсанты – гэта ўсё ж такі дзеці малодшага школьнага ўзросту, арганізатары асаблівую ўвагу надалі правядзенню музычных паўз паміж турамі і пасля завяршэння конкурсных мерапрыемстваў. Каб падтрымаць нашых юных інтэлектуалаў і стварыць святочны настрой, навучэнцы другой гарадской школы падрыхтавалі яркія і запамінальныя музычныя нумары. Іх артыстызм дадаў конкурсу асаблівую атмасферу і падарыў усім прысутным зарад бадзёрасці і натхнення!
Што ж, заданні выкананы, балы падлічаны. На вяршыні пераможнага інтэлектуальнага пʼедэсталу размясціліся “Зорачкі” гімназіі горада Петрыкава. Сярэбраным прызёрам стала каманда “Усезнайкі” Капаткевіцкай сярэдняй школы, а каманда “Кропелькі” – сярэдняй школы № 1 г. Петрыкава замкнула тройку лідараў.
Пяці трэцякласнікам-інтэлектуалам, выхаванцам настаўнікаў пачатковых класаў гімназіі горада Петрыкава Наталлі Добаш і Святланы Кавальчук, давядзецца прадстаўляць Петрыкаўшчыну на абласным этапе, які пройдзе 18 лютага ў горадзе Калінкавічы.
Пажадаем поспехаў нашым маленькім, але такім таленавітым землякам!

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.







Оставить комментарий