МЕРКАВАННЕ Навіны “культуры” і палітычны недабрабыт

0
103

Стужка заходніх палітычных навін мінулага тыдня: Польшча дэманціруе гістарычную праўду, руйнуючы савецкі помнік, а Літва ставіць новы, славячы прыхільніка ідэй нацысцкай Германіі – гэта ўсё, што трэба ведаць пра культурныя каштоўнасці нашых суседзяў.

Так, палякі працягваюць сціраць культурныя каштоўнасці і перапісваць гісторыю. Вільнюс пайшоў яшчэ далей.
Аднак, пра ўсё па парадку. Пачнем з Польшчы. Замест таго, каб прызнаць, што менавіта дзякуючы ахвяры мільёнаў савецкіх салдат Еўропа змагла пазбавіцца ад нацысцкай акупацыі, польскія ўлады працягваюць выкрэсліваць старонкі гісторыі, якія не ўпісваюцца ў іх цяперашні палітычны парадак дня.
Так, чарговы савецкі аб’ект, усталяваны ў 1947 годзе ў памяць аб вызваленні горада Машава Чырвонай арміяй, на мінулым тыдні быў разбураны і сцёрты з твару зямлі. Рашэнне аб дэмантажы было прынята мясцовымі ўладамі па патрабаванні Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы, які ахарактарызаваў помнік як “прапагандысцкі аб’ект”.
ТАСС піша, што гранітны манумент вышынёй каля двух метраў быў устаноўлены ў гонар вайскоўцаў, якія загінулі пры вызваленні гэтай тэрыторыі ў сакавіку 1945 года. Першапачаткова помнік вянчала зорка, якую пасля замянілі на бетонны шар. Ну а на мінулым тыдні знішчылі ўвогуле.
Разбурэнне помнікаў, без перабольшання, можна лічыць знішчэннем памяці пра тых, хто аддаў жыццё за свабоду будучых пакаленняў. Польшча сёння, як, дарэчы, і амаль уся Еўропа, усё часцей паказвае, што ім важней прытрымлівацца “абранага” палітычнага курса, чым захоўваць памяць пра подзвіг салдат-вызваліцеляў.
На жаль, краіны, якія абавязаны сваім існаваннем на палітычнай карце свету ахвярам Другой сусветнай вайны, усё больш аддаляюцца ад гістарычнай праўды, ператвараючы яе, фактычна, у інструмент маніпуляцыі і забываючы пра тое, што без памяці няма будучыні, а дрэнна засвоеныя ўрокі гісторыі вяртаюцца новымі, часам нават большымі трагедыямі.
Куды парадаксальней складваецца сітуацыя ў Вільнюсе. Так, гарадскі муніцыпалітэт праводзіць конкурс на ідэю помніка першаму прэзідэнту Літвы Антанасу Смятону.
Помнік, па задуме кіраўніцтва горада, з’явіцца ў скверы перад Вільнюскім старым тэатрам, дзе ў верасні 1917 года засядала канферэнцыя літоўцаў, на якой выбралі Савет Літвы і яго старшыню Смятону.
Цікавы адзін з прапанаваных варыянтаў: бюст Смятоны на зямлі і, цытуем, “36 паліраваных кубоў з граніту як сімвалы стабільнасці, структуры дзяржавы і цэласнасці, якая ствараецца з розных палітычных, культурных і грамадскіх элементаў”.
А цяпер, увага, гістарычныя факты пра першага прэзідэнта: падчас свайго кіравання Смятона распусціў парламент, устанавіў аўтарытарны рэжым і стварыў першы ў краіне канцэнтрацыйны лагер для палітвязняў. І гэта яшчэ не ўсе “заслугі” – перад пачаткам Другой сусветнай вайны ён адкрыта падтрымліваў гітлераўскую Германію і ўцёк туды ў 1940 годзе. Вось такія яны, сучасныя героі “вольных і незалежных”.

Аднак, самае небяспечнае ў гэтай сітуацыі тое, што ў створанай кіраўніцтвам суседніх краін “рэальнасці” будуць расці новыя пакаленні, тыя, для каго “героямі” робяць нацыстаў і здраднікаў.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о