Апаратная нарада пад старшынствам кіраўніка раёна Аляксандра Верамеева традыцыйна ў панядзелак у вялікай зале выканкама сабрала кіраўнікоў аддзелаў, структурных падраздзяленняў райвыканкама, устаноў і арганізацый Петрыкаўшчыны.

Напачатку рабочага пасяджэння старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў праінфармаваў прысутных пра вынікі абласной нарады пры губернатары па пытанні развіцця сферы АПК на 2026-2030 гады.
– Прыярытэтны напрамак – завяршэнне работы па стварэнні прыбытковага аграрнага сектара. Планы перад галіной стаяць амбіцыйныя, аднак пры гаспадарскім падыходзе і зладжанай працы яны дасягальныя. Як гаворыцца, дарогу асіліць ідучы, – зазначыў кіраўнік раёна.

Парадак павінен быць ва ўсім
Са справаздачай пра вынікі наведвання мабільнай групай шэрагу прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў аграгарадка Пціч і райцэнтра, а таксама вывучэння на месцы пытання ўтрымання ў належным стане ведамасных аб’ектаў і тэрыторый, насычанасці гандлёвых кропак таварамі належнай якасці і асартыменту выступіў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Семяніцкі. Большасць выяўленых недахопаў ухілена ва ўстаноўлены правяраючымі службамі час, астатнія застаюцца на кантролі.

Папярэджаны –значыць абаронены
Заслуханы былі справаздачы кіраўніцтва РАНС і РАУС па аператыўнай абстаноўцы ў раёне. Прадстаўнікі праваахоўнай і выратавальнай службаў засяродзілі ўвагу прысутных на пытаннях пажарнай бяспекі і прафілактыкі кіберзлачынстваў.
– Кіберзлачынцы ўвесь час удасканальваюць метады ашуканства. На мінулым тыдні ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да так званых “інвестараў”, ахвярай якіх стаў жыхар аднаго з аграгарадкоў раёна. Таму надзвычай важна быць у курсе актуальных схем і даносіць інфармацыю да сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян, – пазначыў начальнік РАУС Віталій Маркевіч.

Сфера працуе на вынік
З інфармацыяй пра арганізацыю работы ва ўстановах сацыяльнай сферы за справаздачны перыяд выступіла намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Наталля Ходзька.
Асобна былі заслуханы кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя па пытаннях эпідсітуацыі, вакцынацыі, набыцця ЦРБ новага абсталявання пры спонсарскай падтрымцы ААТ “Беларуськалій”, рабоце па ўладкаванні кантэйнерных пляцовак на грамадзянскіх могілках. Маніторынг апошніх санслужбай раёна будзе працягвацца.

Агульная задача –пачуць і адрэагаваць
На штотыднёвым кантролі кіраўніка раёна – пытанні звароту грамадзян у чат-бот, сектар па рабоце са зваротамі грамадзян, а таксама рэагаванне кіраўнікоў на крытычныя матэрыялы ў “раёнцы”.
Адказнымі за гэты накірунак работы былі агучаны пытанні, якія пакуль не вырашаны і знаходзяцца на кантролі. Актывізаваць работу па ўхіленні выяўленых недахопаў – даручэнне Аляксандра Верамеева адказным службам.
– Людзі звяртацца за дапамогай, таму наша агульная задача – пачуць іх і адрэагаваць, – пазначыў старшыня райвыканкама.

Добраўпарадкаванне, санітарныя дні і шэфская дапамога
Тэма навядзення парадку на зямлі па-ранейшаму застаецца прыярытэтным накірункам для кіраўнічай вертыкалі раёна.
Разгледжана пытанне работы аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва па арганізацыі і правядзенні санітарнага дня.
Традыцыйна нададзена ўвага пытанню навядзення парадку на зямлі. Заслухана інфармацыя начальніка зямельнага аддзела Надзеі Будовіч-Ярмак па пытанні належнага ўтрымання земляў агульнага карыстання і прылягаючых тэрыторый да сельгасугоддзяў.
Намеснік начальніка ўпраўлення сельгасхарчу Марына Бутрым праінфармавала прысутных па выніках правядзення санітарнага дня на сельгасаб’ектах раёна. Старшыня райвыканкама засяродзіў увагу на неабходнасці больш актыўна ў гэтым пытанні выкарыстоўваць патэнцыял шэфскіх арганізацый.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о