Калектыў Петрыкаўскага рамонтна-эксплуатацыйнага ўчастка Рэспубліканскага ўнітарнага эксплуатацыйна-будаўнічага прадпрыемства “Днепра-Бугскі водны шлях”, як і ўся галіна рачнога транспарту, заўтра адзначыць сваё прафесійнае свята. Чым жыве калектыў і хто складае яго гонар – у нашым матэрыяле.
На прадпрыемстве сёння працуе ўсяго толькі 23 чалавекі, аднак колькасць заказаў, за якія бярэцца і, дарэчы, з якімі паспяхова спраўляецца калектыў – унушальная. Сярод асноўных заказчыкаў – ДРБУ-112, Нацыянальны парк “Прыпяцкі” і непасрэдна само галаўное прадпрыемства.
Па інфармацыі кіраўніцтва, з буйных заказаў, над якімі працуюць цяпер, – планавы рамонт рудавоза, у бліжэйшы час даставяць на рамонт яшчэ адну адзінку, вырашаецца пытанне аб мадэрнізацыі ўчасткам цеплахода “Сокал”.
Зразумела, што за паспяхова працуючым прадпрыемствам стаяць яго работнікі, прафесіяналы, віртуозы, адданыя абранай справе людзі. Адзін з іх – Яўген Цалка (на фота). Восем гадоў таму маладым спецыялістам прыйшоў хлопец на прадпрыемства. З удзячнасцю ўспамінае наш герой сваіх вопытных калег, якія ў першыя месяцы працы падтрымалі яго, нядаўняга выпускніка Гомельскага каледжа электратэхнікі. А першы настаўнік, Анатоль Занкевіч, дапамог замацаваць на практыцы набытыя ў каледжы веды, перадаў свой вопыт, падзяліўся сакрэтамі майстэрства. Асобны дзякуй настаўніку за навыкі ў вышэйшым пілатажы ў зварцы – столевым шве.
Праз год Яўгена прызываць на вайсковую службу, па завяршэнні якой, нягледзячы на прапановы камандзіраў, хлопец вяртаецца на прадпрыемства. Быў вопыт і “маскоўскіх заробкаў”, аднак хутка зразумеў: лепш мець стабільны заробак дома. Завочна адвучыўся ў тэхнікуме па спецыяльнасці тэхнік-тэхнолаг зварачных работ.
– Праца наша не з лёгкіх, да таго ж адказная і патрабуе сур’ёзных навыкаў. Калі справа завершана і судна спускаем на ваду – кожны раз з хваляваннем і захапленнем гляджу на працэс, – дзеліцца Яўген.
У арсенале майго героя не адзін дзясятак адрамантаваных грузавых баржаў, караблёў, пантонаў, земснарадаў, кранаў плывучых, шлюзаў і шмат чаго яшчэ. Цяжка ўявіць у кіламетрах і колькасць праведзеных зварачных работ.
– Можна сказаць, што ўвасобілася ў жыццё мая дзіцячая мара. Я вырас на рацэ. Хлопчыкам з захапленнем глядзеў на судны, размешчаныя на заводзе і ў акваторыі Бычка. А зварачныя работы, за якімі здалёк назіраў, былі сапраўдным цудам. Цяпер я сам такі чараўнік (усміхаецца). Напярэдадні прафесійнага свята хачу павіншаваць усіх работнікаў нашага прадпрыемства і пажадаць сур’ёзных заказаў, высокіх заработкаў, міру, згоды і дабрабыту ў сем’ях.
Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.
Оставить комментарий