У наш імклівы час інтэграцыі вельмі важна развіваць цікавасць вучняў да замежных моў, удасканальваць іх камунікатыўныя кампетэнцыі і інтэлектуальны патэнцыял. З гэтай мэтай штогод праводзяцца конкурсы сярод вучняў, які дазваляюць зацікаўленым не толькі адточваць свае ўменні, але і пазмагацца з аднагодкамі ў майстэрстве размаўляць на замежнай мове.
Ёсць такія матывіраваныя вучні і ў нашым раёне.
У XV абласным конкурсе «Мастацтва гаварыць” па замежных мовах, які адбыўся на базе ДУА “Гімназія №71 г.Гомеля”, прынялі ўдзел пераможцы II этапу рэспубліканскай алімпіяды з устаноў адукацыі Петрыкаўскага раёна. Па англійскай мове раён прадстаўлялі: Глеб Бурміч, навучэнец 11 класа ДУА “Гімназія г.Петрыкава” (настаўнік Ірына Рагалевіч), Алеся Ганцэвіч, навучэнка 10 класа ДУА “СШ №1 г.Петрыкава” (настаўнік Вольга Прыкота). Па нямецкай мове ў конкурсе ўзяла ўдзел Віялета Такун, навучэнка 10 класа ДУА “Бабуніцкая СШ” (настаўнік Алена Герасіменка).
Конкурс праводзіўся ў два туры. У першым туры канкурсанты паказвалі свае навыкі гаварэння ў вусным паведамленні: параўноўвалі два аб’екты, або некалькі з’яў ці падзей.
У другім туры вусна выказваліся па прапанаванай тэме: давалі кароткі, хуткі і лаканічны адказ.
Трэба адзначыць, што вышэйназваныя туры праходзялі без папярэдняй падрыхтоўкі ўдзельнікаў. Працягласць гаварэння і вуснага выказвання не больш за тры хвіліны, наступная гутарка членаў журы з удзельнікам – да дзвюх хвілін.
У якасці журы абласнога конкурсу былі запрошаны выкладчыкі УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”, трэнеры абласных каманд па падрыхтоўцы да заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «Замежная мова».
Паспяхова прадставіў свае веды і ўменне гаварыць на англійскай мове Глеб Бурміч, вучань гімназіі, ён адзначаны дыпломам III ступені.
Віншуем гімназіста і яго педагога Ірыну Рагалевіч з заслужанай узнагародай!
Усім удзельнікам абласнога конкурсу і іх педагогам жадаем выніковага ўдзелу ў ІІІ этапе рэспубліканскай алімпіяды па англійскай і нямецкай мовах.
Няхай Новы 2026 год прынясе поспех, выкананне ўсіх жаданняў і ўдачу!
Галіна Кушнярова,
метадыст ДУА “Петрыкаўскі РУМК”.







Оставить комментарий