Каралева выканаўчага ліста

0
1027

Каралева выканаўчага лістаУ Міністэрстве юстыцыі Беларусі падвялі вынікі рэспубліканскага штогадовага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод органаў прымусовага выканання.
Пераможцам у катэгорыі “Лепшы судовы выканаўца АПВ III катэгорыі” стала судовы выканаўца аддзела прымусовага выканання Петрыкаўскага раёна Алена Кавальчук.

Ці цяжка быць правадніком закона, калі на коне стаяць чужыя лёсы і даўгі? Алена Валер’еўна распавяла нашаму карэспандэнту пра свае “прафесійныя ўніверсітэты” і нюансы службы ў сістэме прымусовага выканання.

Яе працоўныя будні – гэта не толькі стосы дакументаў, але і няпростыя візіты да даўжнікоў, дзе за кожнымі дзвярыма свая гісторыя і часта – канфліктная. Аднак Алена Кавальчук, заваяваўшы “золата” на конкурсе прафмайстэрства, даказала, што прафесіяналізм і чалавечнасць сумяшчальныя.

Так, сёння ў яе прафесіі няма месца слабасці, але судовым выканаўцам наша гераіня стала не адразу. Выпускніца ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Петрыкава” набыла прафесію эканаміста, закончыўшы спачатку Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум, а пасля і Маскоўскі міжнародны інстытут эканомікі і права. Сем гадоў адпрацавала бухгалтарам у СУП “Палессе-Аграінвест”, а пасля вырашыла карэнным чынам змяніць накірунак сваёй прафесійнай дзейнасць.І вось ужо 11 гадоў Алена Валер’еўна судовы выканаўца раённага аддзела прымусовага выканання.

Заваяваная сёлета ўзнагарода, па словах жанчыны, – вынік шматгадовай карпатлівай працы, дзе за кожнай лічбай у справаздачы стаіць рэальная чалавечая гісторыя. Адзін з паказчыкаў паспяховай работы для судовага выканаўцы – рэальна спагнаная сума грашовых сродкаў па выканаўчых дакументах. Так, за мінулы год Аленай Валер’еўнай завершана 1923 выканаўчыя справы і спагнана 1668,49 тысяч рублёў, у тым ліку 196,39 тысяч рублёў – у даход дзяржавы.

Алена Валер’еўна – вопытны спецыяліст, для яе закон і парадак з’яўляюцца штодзённай місіяй. Як адзначае начальнік аддзела прымусовага выканання Уладзімір Аскерка, Алена Валер’еўна – гэта “залаты фонд” калектыву, каралева выканаўчага ліста.

– Яе адрознівае рэдкае спалучэнне цвёрдасці характару і жыццёвай мудрасці. Яна ўмее знайсці падыход нават да самых “цяжкіх” даўжнікоў, захоўваючы пры гэтым бездакорную вернасць літары Закона. Яе ўзнагарода – заслужанае прызнанне асабістага ўкладу спецыяліста ў нашу агульную справу, – пазначыў Уладзімір Канстанцінавіч.

Служба судовага выканаўцы – гэта не толькі кабінетная праца, але і няпростыя выезды. У практыцы нашай гераіні быў выпадак, калі давялося спаганяць запазычанасць з маці-адзіночкі, якая апынулася ў складанай сітуацыі. Замест сухіх фармальнасцяў Алена
Валер’еўна дапамагла жанчыне скласці графік плацяжоў і растлумачыла правы, што дазволіла і абавязак пагасіць, і захаваць мір у сям’і. У гэтым і заключаецца жаночая мудрасць у прафесіі: заставацца чалавечнай, нават выконваючы строгія прадпісанні.

Поспех на працы немагчымы без моцнага тылу. Дома Алену Валер’еўну заўсёды чакае любячая сям’я. Муж з разуменнем ставіцца да таго, што жонка часта затрымліваецца, бо ведае: аднаўленне справядлівасці не заўсёды ўкладваецца ў рамкі васьмігадзіннага рабочага дня.

– Перамога ў рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства для мяне – гэта не проста ўзнагарода, гэта пацвярджэнне таго, што наша праца важная для краіны.

Праца судовага выканаўцы часта здаецца сухой і суровай. Але за кожнай лічбай у дакуменце стаіць нечы лёс: дзіця, якое не атрымала своечасова аліменты, чалавек, які пацярпеў у ДТЗ, дзяржава, якая будуе на нашыя падаткі школы і дарогі. Мой галоўны заклік да вас, шаноўныя землякі, – быць адказнымі адзін перад адным, – рэзюмавала ў завяршэнні размовы лепшы судовы выканаўца краіны Алена Кавальчук.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о