Адказны стараста – гэта гарант дабрабыту вёскі, бо ён ведае пра турботы і клопаты аднавяскоўцаў, першы прыходзіць на дапамогу ў вырашэнні асабістых і грамадскіх пытанняў.
А калі чалавек займаецца гэтай справай некалькі дзесяцігоддзяў, то гэта яшчэ і жывы летапісец.
Вёсцы Івашкавічы пашанцавала: яе стараста, Надзея Ціханаўна Коржык, нясе гэты пачэсны грамадскі абавязак на сваіх жаночых плячах ужо на працягу 50 гадоў. Удумайцеся ў гэтую лічбу – палова стагоддзя!
Надзея Ціханаўна нарадзілася і вырасла ў Івашкавічах. У школе вучылася добра, пасля заканчэння хацела разам з сяброўкамі ехаць паступаць, але патрэбна было дапамагаць матулі ў сяле. Маці працавала ў калгасе, а дома была вялікая гаспадарка.
На дзяўчыну з добрымі ведамі ды галавой “на плячах” попыт быў і ў роднай вёсцы: яе запрашалі бухгалтарам у калгас і ў школу настаўніцай.
У той час вызвалілася месца загадчыка клуба, і ўстанову культуры ўзначаліла наша зусім юная На-дзея, ёй было ўсяго 18 гадоў. З гэтага часу пачаўся шлях Ціханаўны ў аддзел культуры.
Пры клубе працавала мастацкая самадзейнасць, быў свой фальклорны ансамбль, ездзілі з канцэртамі, ладзілі святы ў сваёй вёсцы – працы хапала.
– У дырэктара клуба, які працаваў да мяне, была мянушка – Спадарожнік, Спутнік па-руску. Я думаю, як жа мяне будуць зваць у сяле? Мо таксама якую мянушку прыдумаюць, – з усмешкай успамінае Ціханаўна.
Але, не гледзячы на маладосць, дзяўчыну ў сяле паважалі і клікалі або Ціханаўна, або Надзея Шутава (дзявочае прозвішча).
З цяплынёй успамінае гераіня час, калі ў Івашкавічах было шмат людзей, моладзі. Для баўлення вольнага часу ўлетку хлопцы-камсамольцы змайстравалі танцпляцоўку. Суразмоўца адзначае, што народ быў у той час вельмі дружны, адзін аднаму дапамагалі, калі што трэба зрабіць для агульных патрэб, рабілі разам.
Пазней Надзея Ціханаўна атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю.
– Падавала дакументы спачатку ў сельскагаспадарчы тэхнікум, экзамены здала і залічылі мяне, а я на сесію не паехала. Сказала, гэтыя ары ды гектары, я іх не разумею. Папрасіла ў землякоў забраць атэстат з навучальнай установы. А ў 1972 годзе паступіла завочна ў бібліятэчны тэхнікум, які паспяхова скончыла, атрымаўшы спецыяльнасць бібліятэкар, – распавядае стараста.
У 1975 годзе на агульным сходзе аднавяскоўцы за актыўнасць, жаданне дамагаць землякам, добрае веданне вёскі і яе жыхароў абралі Надзею Ціханаўну старшай па вёсцы.
Пад яе наглядам было два населенныя пункты – вёска Івашкавічы і пасёлак з аднайменнай назвай. Жанчына працавала ў цеснай сувязі з сельскім Саветам, які быў у Вялікім Сяле (зараз вул. Кастрычніцкая г.п.Капаткевічы), а затым і з гарпасялковым Саветам, калі сельскі скасавалі.
Клопату ў маладой “старасты” было шмат: каму дапамагчы паперу ў якую установу напісаць, звярнуцца ў сельсавет з якім пытаннем, іншаму сена ў калгасе не выпісалі, бабульцы адзінокай дроў прывезці ці агароджу падрамантаваць. Надзея ўнікала ва ўсе праблемы: і з электрычнасцю, і з тэлефоннай сувяззю, і з балонамі, калі газ ужо з’явіўся. Для актыўнай жанчыны працы хапала.
– Чаго толькі не рабіла для адзінокіх старых – і вокны паклею і столю перад Пасхай пабялю. А то і проста зайсці да чалавека ды словам перакінуцца, калі родных няма і ніхто дзверы не адчыніць, – расказвае гераіня.
Надзея Ціханаўна – чалавек, які заўседы гатовы прыйсці на дапамогу. Яе жыццёвы прынцып: “Калі што трэба, звяртайцеся, дапамагу. Не змагу – будзем разам разбірацца, шукаць, як вырашыць пытанне”.
Яшчэ адным напрамкам дзейнасці старасты было напісанне пагаспадарчых кніг. Раней яны аднаўляліся кожныя два-тры гады. Трэба было прайсці па сялу і перапісаць усе дамаўладанні: хто гаспадар, склад сям’і, дзе працуюць ці вучацца, колькасць жывёлы на ўтрыманні, памер зямлі ля дома і “соткі” ў полі. Пладовыя дрэвы на селішчы таксама падлічыць і запісаць. Дадзеныя трэба было трымаць актуальнымі, таму, калі хто вучыцца паехаў ці ў армію пайшоў, карова прапала ці наадварот яшчэ адну набылі, патрэбна аб змяненнях у сельскі Савет паведамляць. Народу ў сяле жыло больш за 700 чалавек.
Усе грамадска важныя справы: і выбары, і перапіс насельніцтва, – не абходзіліся без удзелу старасты.
Пазней сама Надзея Ціханаўна ўзначаліла выбарчую камісію і не адну выбарчую кампанію была яе старшынёй.
Гэта жанчына – бясконцая скарбніца шматлікіх аповядаў пра сваіх землякоў. Калі пачынае расказваць пра нейкі выпадак, то сыпле імёнамі, прозвішчамі, успамінае сваяцкія сувязі. Слухаць яе – адно задавальненне.
Ціханаўну ў вёсцы добра ведаюць усе і яна ведае, хто чым жыве, у каго якія клопаты. У сшытку запісаны нумары тэлефонаў усіх аднавяскоўцаў: і пастаянных жыхароў, і тых, хто ў бацькоўскую хату прыязджае толькі як на дачу. Ёсць таксама тэлефоны арганізацый, прадпрыемстваў – ніхто не ведае куды спатрэбіцца патэлефанаваць. Часта звязваецца па тэлефоне стараста і з сельскім Саветам – часам патрэбна дапамога ад старшыні ці ўпраўляючай справамі, а калі і проста пагаварыць, расказаць пра справы ў сяле ды спытаць, што новага на тэрыторыі Савета.
Бяжыць час і мяняюцца абавязкі ў старасты, нейкія адыходзяць, а новыя з’яўляюцца. Напрыклад, раней пытанняў не было па пакосцы каля двара або ў гародзе. Хаты стаялі шчыльна адна ля адной, у сяле ўсе трымалі гаспадарку, кожны кавалачак зямлі стараліся засеяць, было шмат кароў – травы на вуліцы не было.
Вываз смецця – яшчэ адзін з “новых” абавязкаў старасты. То не даедуць да якой хаты, мінуць, то гаспадыня замарудзіцца вынесці – даводзіцца тэлефанаваць ва ўчастак райжылкамгаса.
Часта ўзнікаюць праблемы з дарогамі ў весцы – яны грунтовыя, там падсыпаць, там прагрэйдыраваць.
Пасля закрыцця пошты, крамы, ФАПа з’явіўся яшчэ адзін напрамак дзейнасці – трымаць сувязь з выязнымі варыянтамі гэтых служб. У Надзеі Ціханаўны ўсе пад кантролем, калі машына зламалася ці затрымаліся дзе – тэлефануюць старасце, а яна ўсім сяльчанам паведамляе.
Не гледзячы на ўзрост, наша гераіня актыўная і энергічная, цікавіцца жыццём вёскі, навінамі ў раёне і ў краіне. Памочнікам старасты па вырашэнні надзённых пытанняў вёскі з’яўляецца дэпутат сельскага савета Аляксандр Міхайлавіч Казелька.
Менавіта такія людзі, як Надзея Ціханаўна Коржык, спрыяюць развіццю грамадскай ініцыятывы, шырокаму прыцягненню людзей да вырашэння пытанняў мясцовага значэння.
Праца старасты хоць і цяжкая, але высакародная, яна накіравана на агульную карысць і спрыяе захаванню ў вёсцы парадку і годных умоў жыцця.
Надзея Сігай, фота Марыі ТАМКО.








Оставить комментарий