Мясная жывёлагадоўля – прыбытковы накірунак у сельскагаспадарчай галіне. У той жа час, на высокія паказчыкі тут можа разлічваць толькі той, хто дакладна прытрымліваецца тэхналогіі і штодзень у сваёй рабоце кіруецца няхітрымі правіламі: своечасова забяспечвае жывёлу збалансаванымі кармамі і клапоціцца пра годныя ўмовы ўтрымання пагалоўя.
Днямі мы наведалі малочна-таварную ферму “Аголічы” СУП “Палессе-Аграінвест”, дзе з мінулага года дзейнічае адкормачная пляцоўка па вырошчванні бычкоў, каб даведацца пра стан спраў на новым аб’екце.
Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Алена Асадчая ўпэўнена, што забяспечыць рэнтабельнасць вытворчасці і продажу мяса буйной рагатай жывёлы можна толькі на спецыялізаванах адкормачных пляцоўках.
Адкормачнік на МТФ “Аголічы” быў пабудаваны на ўласныя сродкі СУП і прызваны забяспечыць высокія вытворчыя паказчыкі ў вырошчванні БРЖ. Можна сказаць, што на ферме прадстаўлены поўны цыкл вырошчвання бычкоў: ад нараджэння да здачы на мясакамбінат.
– Акрамя ўласнага пагалоўя, сюды звозяцца бычкі з іншых аддзяленняў прадпрыемства, што дазваляе забяспечыць строгае выкананне тэхналогіі вырошчвання і пазбегнуць дадатковых выдаткаў – тут жа сканцэнтравана кармавая база, забяспечаны неабходныя ўмовы ўтрымання.
Праектная магутнасць адкормачніка – 500 галоў БРЖ. Сёння тут утрымліваецца 550 бычкоў. Прымяненне тэхналогіі адкорма дазваляе вырошчваць пяціцэнтнеравае пагалоўе крыху больш, чым за паўтара года з цялят вагой у паўцэнтнера, – паведаміла ў час размовы Алена Мікалаеўна.
Пераходзячы з памяшкання ў памяшканне, знаёмімся з тэхналагічнымі аспектамі вырошчвання бычкоў. Сапраўды, усё падпарадкавана строгаму кантролю і ўліку: статак размяшчаецца адпаведна ўзросту і вазе, з улікам гэта фарміруецца і рацыён жывел.
Між іншым, абышоўшы практычна ўсе памяшканні, пераканалася: пагалоўе на МТФ “Аголічы” выглядае аднолькава добра – бычкі, хоць на выставу.
Выконваючая абавязкі галоўнага заатэхніка, вядучы заатэхнік Таццяна Каладзей (на фота) пазнаёміла з працэсам, нюансамі і вынікамі работы калектыва адкормачніка.
– У маі сярэднесутачныя прывагі на адкорме бычкоў склалі 1000 грамаў. На першым годзе жыцця, у большасці сваёй, гэта спакойныя і непатрабавальныя жывёлы. Яны не патрабуюць нейкага асаблівага догляду ці рацыёну: у іх добры апетыт, яны з задавальненнем спажываюць і сена, і салому, цяпер дадаём у рацыён зялёны корм у абавязковым спалучэнні з канцэнтраванымі кармамі. Жывёлы ў нас, як бачыце, буйныя, чыстыя, дагледжаныя, – не без гонару пазначыла вядучы заатэхнік.
Сапраўды, адкормачнік уяўляе сабой прасторную, сухую пляцоўку, з абодвух бакоў ахінутую хлявамі, што з аднаго боку дазваляе памяшканню ветрыцца, а гэта немалаважная ўмова ўтрымання бычкоў, а з другога боку хавае іх ад скразнякоў, што таксама вельмі важна.
– Як я ўжо адзначала, працаваць з бычкамі з аднаго боку лёгка, аднак ёсць і свае нюансы. Калі ў пытанні догляду ў нашых жывёлаводаў цяжкасцяў і асаблівых праблем няма: вада падаецца праз паілку, ежу развозіць кормараздатчык, аграніка прыбіраецца з выкарыстаннем тэхнікі, то ўважлівасць у абыходжанні з жывёламі – пытанне вельмі сур’ёзнае і патрабуе адказнасці з боку чалавека.
Складанасць заключаецца ў тым, што дарослыя жывёлы ведаюць сваю тэрыторыю і могуць праяўляць агрэсіўнасць. Так, яны не надта любяць староннія пахі, асабліва – алкаголь і тытунь. На аб’екце накшталт нашага не варта грэбаваць нават, здавалася б, дробязямі ў пытанні аховы працы і абавязкова ўлічваць нораў літаральна кожнага падапечнага, – дадала суразмоўца.
Па інфармацыі Таццяны Каладзей, догляд за пяццю з паловай сотнямі бычкоў ажыццяўляюць усяго два жывёлаводы. Яны два разы на дзень выконваюць няхітрыя дзеянні па забеспячэнні камфортных умоў утрымання быкоў. Ёць начны вартаўнік, які акрамя выканання сваіх непасрэдных абавязкаў у начны час датычны да вытворчых працэсаў: пры неабходнасці і цялятка ў каровы прыме, і дагледзіць, каб бычкі не пашкодзілі загарадку. Ды і я сама, што тут гаварыць, не толькі кірую фермай і сачу за вытворчымі працэсамі, але разам з калектывам, пры неабходнасці, даглядаю пагалоўе, якое на сённяшні дзень складае ні многа ні мала – 1230 галоў.
Што да вытворчых паказчыкаў, то прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы з пачатку года склала 115,9 тоны. Валавая прывага БРЖ – 113,7 тон, за аналагічны перыяд 2024 год мы мелі 92,7 тоны, тэмп росту склаў 117%.
Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе на адкорме бычкоў па выніках мая месяца да ўзроўню мінулага месяца склала 135 грамаў. Усё гэта – вынік зладжанай працы нашага невялікага, але дружнага і працавітага калектыва, – пазначыла выконваючая абавязкі галоўнага заатэхніка, вядучы заатэхнік Таццяна Каладзей.
Пажадаем калектыву і надалей трымаць годныя вытворчыя паказчыкі, мацуючы дабрабыт прадпрыемства і забяспечываючы харчовую бяспеку краіны.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий