Праз тыдзень пасля Дня маці ў нашай краіне адзначаецца Дзень бацькі. І сёння нам бы хацелася расказаць пра чалавека, які выхоўвае сваё дзіця самастойна. Гісторыя яго жыцця, вядома, нялёгкая, але Раман Лягун не звыклы драматызаваць, а, насупраць, больш ахвотна распавядае пра шчаслівыя моманты свайго бацькоўства.
Нарадзіўся Раман у Петрыкаве ў 1987 годзе. Пасля заканчэння школы атрымаў будаўнічую спецыяльнасць у Мазырскім ПТВ № 68. Праз год працы ў мясцовым ПМК-4 уладкаваўся ў мазырскае ТАА “Лотас” і быў накіраваны на навучанне па спецыяльнасці прамысловага альпінізму. Крыху пазней малады чалавек працаваў альпіністам у Гомелі, дзе і сустрэў сваю другую палову. “Сустракаліся мы з Крысцінай па сучасных мерках не доўга, і прыкладна праз паўгода я зрабіў ёй прапанову. Жылі ў Гомелі. Праз год у нас нарадзіўся сын Павел, якому ў верасні споўнілася 4 гадкі”, – пачаў свой сціплы аповед Раман Юр’евіч.
Нагадаю, што 2020 год быў адзначаны першымі хвалямі каранавірусу. Крысціна захварэла на COVID-19 яшчэ ў час цяжарнасці. Хлопчык нарадзіўся здаровым, а вось яго матуля доўга змагалася з хваробай. Каля пяці месяцаў яна правяла ва ўстановах аховы здароўя. Сын спачатку знаходзіўся ў бальніцах з маці, а пазней яго даглядалі бацькі Крысціны. Раман жа напярэдадні адгукнуўся на прывабную прапанову і працаваў альпіністам у падраднай арганізацыі на будаўніцтве аб’ектаў ААТ “Беларуськалій” у Петрыкаве.
“Мы тады вырашылі з жонкай, што так будзе лепей: нарадзіўся сын і патрэбны быў добры заробак. Але, калі Паўлу было 5 месяцаў, Крысціна памерла. Яе бацькі прапанавалі дагляд за сынам, пакуль яму не споўніцца тры гадкі, але я і так дагэтуль за работай і жыццём на два гарады мала бачыў сваё дзіця, таму вырашыў, што Павел застанецца са мной”.
Раман расказвае, што нягледзячы на бясконцы боль ад страты любімай жонкі, не даваў узяць смутку верх – наўпрост, не было часу. “Трэба было вырашыць жыллёвае пытанне, аформіць мноства дакументаў. Дарэчы, у гэтым і шэрагу іншых пытанняў мне і багата каму яшчэ дапамагала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Петрыкаўскага райвыканкама Алена Гапонава, за што я ёй вельмі ўдзячны, а таксама органам апекі і папячыцельства”, – адзначыў мужчына.
На пытанне, ці адчувалі вы псіхалагічны крызіс у гэты час і як спраўляліся з сітуацыяй, Раман Лягун падзяліўся: “Калі вы пра алкаголь, то я ніколі не быў да яго ахвочы. Пэўна, мноства клопатаў пра дзіця і шэраг адміністрацыйны працэдур не далі мне замкнуцца ў сабе. Памятаю, як у тыя часы я толькі пракручваў у галаве спіс спраў і, такім чынам, глядзеў наперад. Навуку догляду за дзіцём мне дапамагала спасцігаць мая маці, Галіна Георгіеўна. Пытанне пашырэння жыллёвай плошчы станоўча вырашыў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, якому я таксама вельмі ўдзячны. Увогуле, дзяржава вельмі дапамагае людзям, якія апынуліся ў падобных сітуацыях.
Ну, а потым усё стала значна прасцей. Прызвычаіўся карміць, спаць па чатыры гадзіны і пачаў разумець шчасце бацькоўства. Я бачыў штодня, як сын усміхаецца мне, робіць першыя крокі, прамаўляе першыя словы. Дарэчы, мамай Павел пачаў называць маю матулю і мы тлумачым, што яна насамрэч бабуля. Сын усё разумее, але перавучвацца пакуль не хоча. Магчыма, дзіця наўпрост жадае, каб у яго таксама была маці, як і ў большасці іншых дзяцей”.
Па заканчэнні адпачынку за доглядам за дзіцём трэба было аддаваць хлопчыка ў дзіцячы садок. Так, у час афармлення Паўла ў Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Раману прапанавалі месца працаўладкавання, бо папярэдняя будаўнічая падрадная арганізацыя скончыла работы на Петрыкаўшчыне. Мужчына прапановай скарыстаўся: “Гэта вельмі зручна, зранку і ўвечары мы крочым разам. Ну а дома ўжо па звыклым раскладзе: вячэра, гульні, заняткі, адпачынак, а потым пад’ём і зноў у садок. Калі дазволіце, то я б падзякаваў і загадчыцы ўстановы нашай дашкольнай адукацыі Алене Панамарэнка і ўсяму калектыву Цэнтра развіцця дзіцяці за падтрымку”.
На пытанне, што самае складанае, на погляд мужчыны, у самастойным выхаванні дзіцяці, Раман Юр’евіч адказаў без прамаруджвання: “Заўважаю, што ў грамадстве да бацькі, якія сам выхоўвае дзіця, ставяцца асабліва. Але ў нас намнога больш маці, якія засталіся адны са сваімі дзецьмі. Уласна для мяне мы роўныя, і я б не хацеў засяроджваць увагу менавіта на сваёй жыццёвай сітуацыі, тым больш, выглядаць у вачах навакольных нейкім героем. Пытаеце, што самае складанае для мужчыны? – тое ж, што і для жанчыны – калі твае дзіця хварэе. І маці, і бацька аднолькава хвалююцца за дзяцей, абодва жадаюць ім лепшай долі”.
Што да Паўла, з якім мы блізка пазнаёміліся яшчэ летам на гарадскім пляжы, то ён расце не канфліктным, усмешлівым і дапытлівым хлопчыкам. Са страў аддае перавагу крупам і бульбе, не вельмі любіць макароны. З садавіны сябруе больш з бананамі, грушамі і яблыкамі, а вось з цытрусавымі “сяброўства” не склалася. Цукеркі атрымлівае як заахвочванне, а гаджэты ў яго рукі трапляюць толькі ў нейкіх выключных сітуацыях, як то чарга ў паліклініцы. Павел сам збірае свае цацкі пасля гульняў і згодны на любое баўленне часу – маляванне, лепка ці складанне канструктара.
Адзінае пытанне, якое выклікала ў мужчыны паўзу – асабістае жыццё. Раман адзначыў, што тут многа складальнікаў: па-першае – засцярога, што будучая абранніца можа не сысціся з сынам, па-другое – адсутнасць часу. “Адзінкавыя выпадкі, калі я прысвячаю некалькі гадзін сабе – рэдкія выхады на рыбалку. Павел застаецца з бабуляй, а я спяшаюся на раку і адпачываю там на ўлонні прыроды ў цішыні”.
Напрыканцы Раман Лягун звярнуўся да тых, хто можа патрапіць у падобную жыццёвую сітуацыю: “Галоўнае – не сумнявацца, усё будзе добра! Сілы ў вас ёсць, галоўнае назапасіць цярплівасці. Няма ніякага сэнсу ў разважаннях, чаму так склалася менавіта ў маім жыцці, плён дае толькі клопат пра дзіця і погляд наперад”.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий