“Дарожная” тэма, бадай, адна з самых надзённых для жыхароў райцэнтра.
Працяглыя ападкі, якія амаль два тыдні, на радасць аграрыям, шчодра сілкавалі палеткі, выявілі шэраг хібаў у дарожнай сетцы. Так, жыхары вуліцы Якуба Коласа наракаюць на тое, што па вуліцы пасля дажджу з цяжкасцю і вялікай асцярогай пракладваюць сабе маршрут не толькі пешаходы, але і аўтааматары. Дарожнае пакрыццё мае нямала даволі вялікіх па памеры і глыбіні выбоін, і ўсё гэта штодня прыносіць нязручнасці жыхарам вуліцы.
Ёсць у гэтай тэмы і гісторыя з працягам: аўтааматары, выбіраючы больш зручны і камфортны шлях, на асобных участках вуліцы “туляцца” ледзь не да агародж прыватных падворкаў, пакідаючы там каляіны, што таксама дадае лішняга клопату і парадкам псуе настрой мясцовым жыхарам.
Па меркаванні землякоў, пражываючых на згаданай вуліцы, сітуацыя патрабуе тэрміновага вырашэння – і з гэтым нельга не пагадзіцца.
А. МАКСІМАЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий