У межах праекта другаснай занятасці навучэнцы Брынёўскай сярэдняй школы, якім споўнілася 14 гадоў, узяліся за адказную і высакародную справу – пашыў пасцельнай бялізны для выхаванцаў дзіцячага сада.
У самым разгары любімая пара школьнікаў – летнія канікулы. Многія гэты час выкарыстоўваюць не толькі для адпачынку, але і як магчымасць атрымаць працоўны вопыт і зарабіць першыя грошы. Так, на працягу многіх гадоў упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама арганізуе працоўную занятасць навучэнскай моладзі ў вольны ад вучобы час. Важна адзначыць, што другасная занятасць дае моладзі магчымасць не толькі прымяніць свае навыкі на практыцы, але і ўсвядоміць сваю запатрабаванасць у грамадстве. Праект па пашыве пасцельнай бялізны – гэта выдатная магчымасць для навучэнцаў правесці летнія канікулы з карысцю, паспрабаваць сябе ў розных відах працоўнай дзейнасці і, што немалаважна, атрымаць сваю першую заработную плату.
Рабяты працуюць дружна і з вялікім энтузіязмам. У складзе працоўнай брыгады – 7 навучэнцаў (3 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі). Сярод іх: Ульяна Краменская і Уладзімір Батан з 10 класа, а таксама Ангеліна Брызіцкая, Паліна Руль, Карына Анікеенка, Кірыл Рудзько і Аляксей Барысаў з 9 класа. Прыемна адзначыць, што юнакі ні ў чым не саступаюць дзяўчатам: яны працуюць гэтак жа добрасумленна і карпатліва.
Пад чулым кіраўніцтвам настаўніка абслуговай працы Алены Краменскай яны хутка асвоілі тэхніку раскрою і навучыліся рабіць роўныя радкі.
– Вельмі цікава вучыцца чамусьці новаму і бачыць вынік таго, што створана ўласнымі рукамі, – дзеляцца ўражаннямі рабяты.
Па выніках праекта другаснай занятасці навучэнцы падрыхтуюць поўны камплект пасцельнай бялізны для дзіцячага сада: 8 прасцін, 8 падкоўдранікаў і 14 навалачак. Кожны выраб пашыты акуратна і з душой – каб маленькім выхаванцам было ўтульна і камфортна адпачываць на дзённым сне.
Гэтая ініцыятыва – выдатны прыклад таго, як праца можа прыносіць не толькі першыя грошы, задавальненне ад працэсу,але і карысць для роднай установы адукацыі.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.







Оставить комментарий