У Петрыкаўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі адбылася дыялогавая пляцоўка “Ідэя. Увасабленне. Вынік”. Мерапрыемства сабрала актыўных лідараў савета старшакласнікаў, гатовых дзяліцца сваімі дасягненнямі і натхняць іншых на новыя здзяйсненні. У рабоце пляцоўкі прынялі ўдзел старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Святлана Блінец і старшыня маладзёжнага савета пры раённым Савеце дэпутатаў Марыя Тамко.
Члены раённага савета старшакласнікаў прадставілі рэалізаваныя на базах устаноў адукацыі раёна праекты, падзяліліся вопытам і абмеркавалі хвалюючыя іх пытанні.
Сярод выступоўцаў былі і тыя, хто актыўна працуе над стварэннем інклюзіўнага грамадства. Так, Дар’я Лімарава і Паліна Невяроўская падзяліліся вопытам рэалізацыі праекта па інклюзіўным узаемадзеянні ў Конкавіцкай сярэдняй школе. Іх праект накіраваны на стварэнне роўных магчымасцей для ўсіх навучэнцаў, незалежна ад іх асаблівасцей, і садзейнічае фарміраванню талерантных адносін у школьным калектыве.
Таццяна Паўтаран і Анастасія Беластоцкая падзяліліся вопытам папулярызацыі вучнёўскіх саветаў праз “Tik-Тok” канал Капцэвіцкай сярэдняй школы. Падлеткі расказалі пра выкарыстанне папулярнай сацыяльнай сеткі і прадэманстравалі, як сучасныя інструменты могуць быць выкарыстаны для прыцягнення моладзі ў грамадскае жыццё.
Асаблівую цікавасць выклікаў праект старшыні савета старша-класнікаў з другой гарадской школы Анастасіі Міцуры – “Квестбук “Па старонках малой радзімы”. Гэта работа накіравана на вывучэнне гісторыі і культуры роднага краю і іх папулярызацыю сярод школьнікаў. “Квестбук” прапануе займальны фармат знаёмства са славутасцямі, гістарычнымі падзеямі і выдатнымі асобамі Петрыкаўшчыны, абуджаючы цікавасць да сваёй малой радзімы.
У завяршэнні дыялогавай пляцоўкі Святлана Блінец выказала шчырую падзяку ўсім выступоўцам за іх ідэі, энергію і “гарачыя вочы”. Яна падкрэсліла важнасць такіх ініцыятыў і заклікала маладых лідараў не спыняцца на дасягнутым, працягваць развіваць свае праекты і натхняць іншых. У знак іх старанняў і ў якасці прыемнага дапаўнення да атрыманых ведаў і ўражанняў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” ўручыла ўдзельнікам салодкія падарункі.
Пляцоўка стала выдатнай магчымасцю для абмену меркаваннямі. Лідары савета старшакласнікаў атрымалі магчымасць не толькі прадставіць свае дасягненні, але і пачуць каштоўныя парады.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.








Оставить комментарий