Чароўная ноч на Прыпяці

0
121

У ноч з 6 на 7 ліпеня Петрыкаў сабраў жыхароў і гасцей на традыцыйнае святкаванне Купалля.

Гэта старажытнае свята, напоўненае каларытам і верай у сілу прыроды. Купальская ноч звязаная з мноствам абрадаў. Дзяўчаты плялі з кветак і траў вянкі, пасля спускалі іх на ваду і верылі ў здзяйсненне мараў.

Асноўныя падзеі свята разгарнуліся на гарадскім пляжы №1, дзе была створана атмасфера сапраўднага народнага гуляння. Для землякоў, калектывам раённага Дома культуры была падрыхтавана тэатралізаваная праграма “Купальскія забавы”.

Музычным падарункам для ўсіх прысутных стала выступленне вакальнага калектыву “Суседзі”. Іх запальныя мелодыі і душэўныя песні стваралі атмасферу чароўнага свята. Людзі спявалі і танчылі разам з артыстамі. Акрамя музычнай праграмы, былі арганізаваны гульні і забавы. Кожны мог знайсці сабе занятак па душы. Традыцыйныя купальскія конкурсы і спаборніцтвы дазволілі праявіць спрыт, кемлівасць і проста добра правесці час. Не абышлося свята і без містычных персанажаў. На галоўнай сцэне з’явіўся сам Вадзянік, які, нягледзячы на свой грозны выгляд, ахвотна ўзаемадзейнічаў з публікай, дадаючы святу нотку казачнасці.

Прыемным сюрпрызам стаў танец ад усім вядомага калектыву «Экшэн». Сапраўдныя купалінкі, у прыгожых сукенках і з кветкамі ў валасах, перадалі ўсю прыгажосць і энергію купальскай ночы.

Кульмінацыяй вечара, як і належыць на Купалле, стаў абрад пускання вянкоў па вадзе. Дзяўчаты, сплятаючы вянкі з палявых кветак і траў, звязвалі з імі свае жаданні і надзеі, пускаючы іх па плыні Прыпяці. Гэты прыгожы і сімвалічны абрад выклікаў у прысутных асаблівыя эмоцыі, напаўняючы сэрцы чаканнем і верай у цуд.

І, вядома ж, ніякае Купалле не абыходзіцца без вогнішча. Высокае, яркае полымя, што ўздымалася ў неба, сімвалізавала ачышчэнне, адганяла злыя сілы і напаўняла прастору жыццёвай энергіяй.

Дзякуючы выступленню артыстаў Петрыкаўшчыны, разнастайным гульням і забавам, а таксама каларытным абрадам, гэтае свята надоўга застанецца ў памяці ўсіх, хто меў шчасце прысутнічаць.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Чароўная ноч на Прыпяці Чароўная ноч на Прыпяці Чароўная ноч на Прыпяці Чароўная ноч на Прыпяці Чароўная ноч на Прыпяці Чароўная ноч на Прыпяці Чароўная ноч на Прыпяці Чароўная ноч на Прыпяці Чароўная ноч на Прыпяці Чароўная ноч на Прыпяці

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о