Уявіце сітуацыю: да вас прыйшоў судовы выканаўца, каб апісаць маёмасць за даўгі. Эмоцыі зашкальваюць, так і хочацца выказаць усё, што накіпела. Не раім, бо эмацыйнае праяўленне гневу можа абярнуцца не проста сапсаваным настроем, а сур’ёзным штрафам і нават крымінальным пакараннем.
Чаму з судовым выканаўцам трэба размаўляць строга ў рамках закону, распавёў начальнік аддзела прымусовага выканання Петрыкаўскага раёна Уладзімір Аскерка.
Не проста чыноўнік, а прадстаўнік улады
– Судовы выканаўца – гэта прадстаўнік улады, які знаходзіцца пад абаронай дзяржавы. Яго работа – забяспечваць выкананне судовых рашэнняў, і любую непавагу да яго закон разглядае як непавагу да самой дзяржавы. Таму грубіянства, абразы, нецэнзурныя словы, сказаныя ў твар, па тэлефоне ці нават у перапісцы ў мэсэнджары кваліфікуюцца як адміністрацыйнае правапарушэнне. Усе вашы паведамленні, асабліва абразлівага характару, захоўваюцца і з’яўляюцца бясспрэчным доказам.
Прамыя наступствы – кашалёк стане лягчэй
– Самае частае пакаранне за абразу службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў – гэта штраф у памеры ад 20 да 30 базавых велічынь па артыкуле 24.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Падумайце, гэтыя грошы маглі б пайсці на пагашэнне вашых жа даўгоў!
Калі абраза перарастае ў нешта большае
– Калі ваша агрэсія падмацоўваецца дзеяннямі, наступствы становяцца яшчэ больш сур’ёзнымі. У Беларусі прадугледжана крымінальная адказнасць за пагрозы або прымяненне насілля ў дачыненні да судовага выканаўцы.
Такім чынам, абразіўшы судовага выканаўцу, вы не вырашыце праблему з даўгамі, а створыце сабе новую, значна больш сур’ёзную. Памятайце старую і мудрую прыказку “слова – не верабей, вылеціць – не зловіш”. Захоўвайце спакой, дзейнічайце ў прававым полі – гэта будзе самае разумнае выйсце з любой сітуацыі.
Запісала Галіна КАЗАК.






Оставить комментарий