Чалавек працы і сумлення

0
870

Гісторыя Філіяла ДРБУ-112 “Гомельаблдарбуд” налічвае сёмы дзясятак гадоў. У далёкім 1957 годзе, калі было створана прадпрыемства, петрыкаўскія дарожнікі абслугоўвалі толькі 100 кіламетраў дарог і 7 драўляных мастоў праз рэкі Убарць і Пціч. Зараз, вядома, гэтая інфармацыя выклікае ўсмешку, асабліва пасля рэпартажу з месца працы спецыялістаў ДРБУ-112, дзе яны рамантуюць мост праз ручай на ўездзе ў вёску Мышанка.

Чалавек працы і сумленняПаляпшаюць дарожную інфраструктуру і камунальнікі: у ІІІ квартале бягучага года рамонт вулічна-дарожнай сеткі КВУП “Петрыкаўскі райжылкамунгас” прайшоў на вуліцах Чапаева, Гогаля, Андрэева ў горадзе і на вуліцы Гарадоцкай у вёсцы Мышанка. Агульны кошт рамонту склаў 299 тысяч 711 рублёў, адрамантавана 9456 квадратных метраў пакрыцця.

За знакам дарожных работ і ўказальнікам аб’езду, работа ў натуральным сэнсе кіпіць. Ва ўсялякім выпадку пары ад гарачага асфальту тут досыць ды і людзей нямала. Сучасная тэхніка, як то ўкладчык асфальту і каток, суседнічаюць з восеньскім пейзажам з зялёных і жоўтых фарбаў. Нехта глядзіць у невялір, поруч працаўнікі старанна вяжуць арматуру, іншыя спраўна раскідваюць рыдлёўкамі асфальт.
Набліжаюся да свайго будучага суразмоўцы. Мужчына, заўважаючы мяне, жэстам паказвае на гадзіннік, маўляў, няма зараз часу. Я, у сваю чаргу, даю зразумець, што буду чакаць перапынку. Па прашэсці некалькіх дзясяткаў хвілін мы ўсё ж вітаемся бліжэй.

За студзень-верасень бягучага года філіял Петрыкаўскага ДРБУ-112 выканаў аб’ём работ на 6 мільёнаў 534 тысячы рублёў, што ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года склала 171,5 %. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг прадпрыемства склаў 649 тысяч рублёў, а гэта 199,7 % па тэмпах росту да аналагічнага леташняга перыяду.
У бягучы квартале будзе выкананы рамонт “Пад’езд аўтадарогі да вёскі Івашкавічы ад аўтадарогі Н-18159 да гарадскога пасёлку Капаткевічы” ад трасы М-10, працягласцю ў 2,2 кіламетры.

Мікалай Цалка распачаў аповед сваёй біяграфіі: “Сам я ўраджэнец вёскі Вялаўск. Пасля заканчэння школы працаваў там некалькі гадоў у саўгасе, але потым працаўладкаваўся на цагельны завод, якому прысвяціў 14 гадоў свайго працоўнага жыцця. У 2005-м годзе я звольніўся, з гэтага часу бесперапынна працую ў ДРБУ-112. Амаль адразу мяне адправілі на спецыяльныя курсы і з таго моманту мая спецыяльнасць – машыніст асфальтаўкладчыка”.

Зараз Мікалай Васільевіч працуе на нямецкім укладчыку “Vogele” 1300-2. Машыну ацэньвае станоўча, бо “жалезны конь” надзейна спраўляецца са сваімі задачамі ўжо 13 гадоў. У брыгадзе шчыруюць 5-6 чалавек, у залежнасці ад участка работ.
Працоўны дзень пачынаецца ў палове 8-й гадзіны з арганізацыйных работ: атрымання дакументацыі, запраўкі, пасля чаго працаўнікі адпраўляюцца на аб’ект. Работа ідзе да 17-ці гадзін, але, вядома, бывае і так, што працаваць даводзіцца і болей. “Разумееце, гэта працэс, які залежыць ад многіх складальнікаў. Трэба, каб і надвор’е спрыяла, і матэрыялы дастаўляліся тэрмінова, ды і ўчасткі бываюць рознай складанасці”, – тлумачыць працаўнік.

Разам з жонкай Таццянай мужчына выхаваў двох дзяцей. Сын зараз працуе зваршчыкам на мясцовым суднарамонтным прадпрыемстве (да рэчы, пра маладога чалавека мы распавядалі ў матэрыяле “Мая дзіцячая мара стала рэальнасцю” ў № 52 ад 1 ліпеня бягучага года), дачка навучаецца ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. “Я рады, што дзеці выбралі той шлях у жыцці, які яны адчуваюць сваім. Мы выхоўвалі іх у павазе да працы і вельмі правільна, што яны сваёй работай будуць прыносіць карысць людзям”.

Напрыканцы нашай гутаркі Мікалай Васільевіч пажадаў калегам, напярэдадні прафесійнага свята моцнага здароўя, добрага надвор’я і годных аб’ёмаў. “А з працай мы справімся – калектыў у нас надзейны і кіраўніцтва кемлівае”, – рэзюмаваў мужчына.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о