
Гадоў пяць таму ў сацыяльных сетках сярод жыхароў і ўраджэнцаў гарадскога пасёлка Капаткевічы завірусіўся невялікі кавалачак савецкага фільма, дзе танкіст, седзячы на танку, разважае пра тое, што “самы прыгожы горад – гэта, канешне, Масква, а затым, безумоўна, ідзе Ленінград, а вось на трэцім месцы, стаіць горад Капаткевічы. Ёсць такі горад на беразе ракі Арэсы. У старажытны час рай знаходзіўся менавіта там, гэта дакладна вядома!” Што ж, паспрабуем разабрацца, якім чынам у гэтым фільме з’явіліся Капаткевічы?
Ну, вядома, вы заўважылі, што тут ёсць некалькі несастыковак: па-першае, горад, а па-другое, на рацэ Арэсе.
Ніхто са здымачнай групы дачынення да Капаткевіч не меў, і для ўраджэнца ці выхадцаў з гарадскога пасёлка было б смешна не ведаць, на якой рацэ ён стаіць. А між тым вядомы савецкі артыст Пётр Алейнікаў упэўнена гаворыць пра Капаткевічы. Чаму?
1943 год – тэрыторыя Беларусі акупіравана, кінастудыя «Белдзяржкіно» ў эвакуацыі ў далёкім Казахстане. Што там, на далёкай Радзіме, можна даведацца толькі з данясенняў партызан, якія, вядома, паступаюць не рэгулярна.
У студзені 1942 года адбываецца знакавая падзея для партызанскага руху ў Беларусі: атрад “Чырвоны Кастрычнік”, які, дарэчы, дыслакаваўся менавіта паблізу ракі Арэса, разам з атрадам Далідовіча з Любанскага раёна разбілі фашысцкі гарнізон у гарадскім пасёлку Капаткевічы і вызвалілі, няхай і на невялікі час, яго ад нямецкіх войскаў. Гэта быў першы раённы цэнтр, вызвалены сіламі партызан падчас акупацыі.
Праз нейкі час, як мы мяркуем, дадзеныя пра гэты неверагодны бой дайшлі і да Вялікай зямлі і, канечне, мелі свой адбітак у газетах таго часу. Але перадача інфармацыі праз некалькі “рук”, а таксама жаданне карэспандэнтаў прымножыць значымасць, унеслі карэктывы ў інфармацыю. Вось адсюль і ўзніклі нестыкоўкі: раз раённы цэнтр, значыць павінен быць горадам, а раз атрад на рацэ Арэса базіруецца, то і Капаткевічы там. Горад, свабодны ад немцаў, калі вакол акупацыя – дзе, як ні там, можа знаходзіцца рай?
Такім чынам, мы мяркуем, і адбылася гэта сувязь: горад-Капаткевічы-Арэса-рай.
Таму, калі захочаце паглядзець ці гасцям паказаць райскі куточак – калі ласка ў Капаткевічы. А там, у школьным музеі, вам раскажуць і пра даўнія старжытныя часы райскага куточка, і пра знакаміты “Капаткевіцкі бой”, і яшчэ шмат чаго іншага.
Запрашаем акунуцца ў гісторыю беларускага кіно і паглядзець фільм “Беларускія навэлы”, у другой частцы якога, што называецца “На кліч маці” Пётр Алейнікаў вам раскажа, “што рай раней знаходзіўся ў Капаткевічах” – гэта значыць у нас на Петрыкаўшчыне.
Надзея Сігай.







Оставить комментарий